Дрысвяцкага сельскага Дома культуры
ДУК ”Цэнтралізаваная клубная сістэма Браслаўскага раёна“
Калектыў ”Вярба“ Дрысвяцкага СДК быў створаны ў 1989 годзе, і пачынаў сваю дзейнасць менавіта як фальклорны, які спалучаў у сваіх канцэртных праграмах народныя песні і танцы з элементамі тэатралізацыі. У 1998 годзе калектыву прысвоена ганаровае найменне ”народны аматарскі калектыў“. Заснавальнікам і кіраўніком ”Вярбы“ з 1989 па 2011 гады з’яўлялася Шавэла Эмілія Лявонаўна, настаўніца гісторыі Дрысвяцкай сярэдняй школы. З 2012 года кіраўніком калектыву з’яўляецца Гламбоцкая Тэрэза Уладзіславаўна. У калектыве займаецца 16 чалавек.
Аснову рэпертуару гурта складаюць мясцовыя беларускія і польскія абрады, паданні, песні і танцы, якія арганічна спалучаюцца ў яскравыя прадстаўленні. Рэпертуар пабудаваны ў асноўным на мясцовым матэрыяле, які збіраецца падчас фальклорных экспедыцый.
Трэба адзначыць, што калектыў “Вярба“ надае вялікую ўвагу сувязі з рэлігійнымі канфесіямі, прадстаўнікі якіх пражываюць на тэрыторыі Браслаўшчыны. Калектыў прымае ўдзел ў мерапрыемствах, якія прымеркаваны да рэлігійных святаў.
Фальклорны калектыў прымаў удзел у ”Фестывалі польскай песні“ ў Браславе, Міёрах, Глыбокім і Мінску.
Народны фальклорны гурт ”Вярба“ – пастаянны ўдзельнік Міжнароднага свята традыцыйнай культуры ”Браслаўскія зарніцы“.
У маі 1998 года калектыў прымаў удзел у абласным аглядзе-конкурсе фальклорных калектываў, спевакоў і музыкантаў ”Беларусь – мая песня“ ў г.Віцебск.
Гурт – лаўрэат абласнога свята нацыянальных культур ”Нас з’яднала зямля Беларусі“ (г.Міёры, 2001, 2005 гг., г.Віцебск, 2017 г.).
Калектыў не раз выязджаў з канцэртнымі праграмамі ў Польшчу, прымаў удзел у VІІІ фестывалі культуры крэсовай у горадзе Мрангова. Мае лісты падзякі ад Саюза палякаў у Літве за ўдзел у ІІ Фестывалі польскай культуры ў Езёросах і VI Фестывалі польскай культуры ў г. Вісагінас.
Народны фальклорны гурт ”Вярба“ – лаўрэат ІІІ ступені абласнога агляду-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“ (г.п.Ушачы .2017 г.).
Калектыў актыўна і з задавальненнем падтрымлівае сувязі са сваімі сябрамі за мяжой. Прымаў ўдзел у фестывалях нацыянальных культур у г.Рэзекне (Латвія, 2013 г.) і г.Дагда (Латвія, 2015 г).
Народны фальклорны гурт ”Вярба“ – лаўрэат ІІІ ступені абласнога агляду-конкурсу фальклорных калектываў (г.Лепель, 2017 г.).
У 2018 г. калектыў узнагароджаны ганаровай граматай Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта ”За шматгадовую і плёную працу, актыўны ўдзел у мерапрыемствах раёна і ў сувязі з 20-ці годдзем калектыву“.