НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ ”СЕНЬКАВІЦА“

філіяла № 15 ”Сенькаўскі клуб-бібліятэка“
ДУК ”Верхнядзвінскі РЦКіНТ“

[ngg src=»galleries» ids=»39″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Вёска Сенькава – самы паўночны куток Верхнядзвінскага раёна, куток у якім жыве, гучыць і напаўняе жыццёвай сілай народная беларуская песня. А праслаўляюць і зберагаюць мясцовы фальклор таленавітыя і душэўныя жыхары, аб’яднаныя ў народны фальклорны гурт ”Сенькавіца“.
Народны фальклорны гурт ”Сенькавіца“ дзейнічае з 1978 года і створаны ён быў у вёсцы Канчаны, пры сельскім клубе, цудоўнай жанчынай Марынскай Тамарай Фёдараўнай. У 1996 годзе калектыву было прысвоена ганаровае найменне ”народны“. У сувязі з закрыццём Канчанскага сельскага клуба гурт ”Сенькавіца“ пусціў свае карані ў вёсцы Сенькава. Затым былі іншыя кіраўнікі – таленавітыя, працаздольныя і дабразычлівыя – Русак Франя Сяргееўна, Чарнышова Зоя Віктараўна, Крыванос Людміла Іванаўна.
З 2020 года кіраўніцтва гурта ўзяла на сябе Марынская Любоў Іванаўна, якая з’яўляецца нязменнай ўдзельніцай і загадчыкам Сенькаўскага клуба-бібліятэкі ўжо больш за 30 год. У складзе калектыву 7 удзельнікаў, сярод якіх работнікі сельскага клуба-бібліятэкі, настаўнікі, пенсіянеры. Фальклорны гурт ”Сенькавіца“ – візітная картка Верхнядзвінскага раёна. Дзякуючы прафесійным якасцям і творчаму майстэрству Любові Іванаўны, калектыў падтрымлівае свой адметны стыль.
У 2006 годзе у народнага гурта ”Сенькавіца“ з’явiўся дзiцячы гурт-спадарожнік ”Галасы вякоў“, якi паспяхова працуе i развiваецца. На сённяшнi дзень у гурце ”Галасы вякоў“ спявае ўжо чацвёртае пакаленне сенькаўцаў. Прыродны талент мясцовых дзяцей, любоў да народнага мастацтва, да аўтэнтычных спеваў перадаецца iм з самага маленства на генетычным узроўні.
Асноўным напрамкам творчай дзейнасці калектыву ”Сенькавіца“ з’яўляецца зберажэнне рэгіянальнай традыцыйнай культуры, сваеасаблівай манеры выканання народных песень, папулярызацыя народнага мастацтва сярод насельніцтва.
Асаблiвае месца ў творчасцi калектыву належыць аднаўленню самабытных каляндарных і сямейных святаў i абрадаў: Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’е, Зажынкі, Купалле, Дажынкі, Дзяды, Радзiны, Вяселле. Песенныя, музычныя, танцавальныя, абрадавыя традыцыі Верхнядзвіншчыны складаюць аснову рэпертуару ”Сенькавіцы“.
За сорак год існавання калектывам праведзена вялікая колькасць фальклорных экспедыцый, матэрыялы якіх карыстаюцца попытам у іншых калектываў раёна. Кожны год студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава наведваюць вёску, дзе прымаюць удзел у экспедыцыях па выяўленню нематэрыяльнай спадчыны. Шмат легенд, казак, паданняў, гульняў, мясцовых прымавак сістэматызаваны, да некаторых матэрыялаў маецца відэа (”Карчма-мануха“, Купалле, ”Генеўская крыніца“, ”Сенькаўская вышыўка“, Каляды). Сабраны песні гадавога каляндарна-абрадавага цыкла. Запісы зроблены ў вёсках Сенькава, Урагава, Канчаны, Царкоўна, Асвея Верхнядзвінскага раёна. Песні жанчын з вёскі Канчаны ўвайшлі ў дакументальны фільм Зінаіды Мажэйка ”Галасы вякоў“ (1979 г.). Песенны матэрыял змешчаны ў выданнях ”Традыцыйная культура Беларусаў. Том 2. Віцебскае падзвінне“, ”Беларуская народная творчасць. Жніўныя песні“. На аснове сабраных матэрыялаў распрацаваны метадычныя выданні з цыкла ”Вянок народнага календара. Веснавыя святы і абрады“; ”Летнія святы і абрады“; ”Восеньскія святы і абрады“; ”Зімовыя святы і абрады“; ”Сямейныя святы і абрады“; ”Сенькаўская лялька-абярэг“; ”Сенькаўскія прысмакі“.
У 2019 годзе гурт прыняў удзел у тэлепраекце канала ”Беларусь 2“ ”Наперад у мінулае“.
Амаль ні адно мерапрыемства не абыходзіцца без актыўнага ўдзелу сенькаўскіх спевакоў: гэта раённыя агляды і конкурсы, сярод якіх традыцыйнае свята народнай творчасці ”Галасы вякоў“, рэгіянальнае свята песні ”Збіраем зорны карагод“, конкурс вакальнай творчасці ”Галасы будучыні“ і інш.
За вялікі перыяд работы калектыў з’яўляўся ўдзельнікам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святаў і фестываляў. Гурт выступаў на канцэртных пляцоўках Масквы, былога Ленінграда, Мінска і Віцебска, Полацка і Наваполацка. ”Сенькавіца“ – удзельнік фестываляў і святаў у Латвіі. У 2012 годзе калектыў прыняў удзел у Міжнародным фальклорным фестывалі ”Славенскія ключы“ (г.Ізборск, Расія). Удзельніца ”Сенькавіцы“ Любоў Марынская атрымала сертыфікат I Міжнароднага фэсту мастацтва галасавой імправізацыі ”Фонтон-2012“. Гурт – лаўрэат І ступені абласнога агляду-конкурсу фальклорных калектываў (г.Лепель, 2017 г.). За ўдзел у абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца – 2017“ калектыў атрымаў дыплом лаўрэата III ступені ў намінацыі ”Унікальныя вясельныя звычаі і абрады“, а праз два гады – дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі ”Вясельныя спевы Віцебшчыны“.
Народны фальклорны калектыў ”Сенькавіца“ – лаўрэат агляду-прэзентацыі аўтэнтычных калектываў ”Спадчына“ ў намінацыі ”За захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культурнай спадчыны беларусаў“ X Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва ”Берагіня“ (г.п.Акцябрскі Гомельская вобл., 2018 г.).
Кожнае выступленне калектыву адрозніваецца самабытнасцю, шчырасцю і самаадданасцю ў творчасці. ”Сенькавіца“ беражліва захоўвае традыцыі регіянальнага фальклору і яго каларыт, з’яўляецца галоўным захавальнікам і носьбітам народных традыцый Верхнядзвіншчыны.