ДУК ”Шумілінскі раённы цэнтр культуры“
Мудрасць, прыгажосць спеваў, мова, востры ёмкі гумар – вось толькі некаторыя адметныя рысы Шумілінскай мясцовай культуры, галоўным наглядным прыкладам якой з’яўляецца народны фальклорны гурт ”Гульбічы“ ДУК ”Шумілінскі раённы цэнтр культуры“. Нязменным кіраўніком гурта вось ужо 26 гадоў працуе таленавітая, улюбёная ў сваю справу жанчына – Ларыса Іванаўна Цыркунова, стаж працы ў культуры якой налічвае амаль 50 гадоў.
Так, яшчэ ў 70-ых гадах ёй пашанцавала дакрануцца да прыгажосці мясцовага фальклору. Прыехаўшы працаваць у Шумілінскі раён выпускніцай Магілёўскага культасветвучылішча, яна сустрэла вельмі цікавага чалавека – рэжысёра Генадзя Канстанцінавіча Ганчарова, які прапанаваў Ларысе Іванаўне ўпершыню прыняць удзел у інсцэніроўцы абраду ”Хрэсьбіны“ і пастаноўцы спектакля ”Вяселле на Шуміліншчыне“. Гэта быў нясмелы пачатак нялёгкай дарогі да прызнання.
Ужо тады, пачаўся збор матэрыялу, у які уваходзілі абрады, песні, традыцыі мясцовасці. Як адзначае сама Ларыса Іванаўна, вельмі добра, што гэтая ідэя прыйшла менавіта ў той час, таму што ў 70-ых гадах было яшчэ шмат носьбітаў народнай творчасці.
Сабраўшы вялікі матэрыял, пачалося ажыццяўленне задумкі, і Генадзь Канстанцінавіч паставіў спектакль у дзвюх дзеях: “Вяселле ў жаніха” і “Вяселле ў нявесты”. На той час Ларыса Іванаўна Цыркунова працавала над абрадавымі вясельнымі песнямі з пеўчай групай, танцамі на вяселлі, прыпеўкамі. У далейшым гэты спектакль быў паказаны на абласным аглядзе-конкурсе, дзе меў вялікі поспех. Гэта надало натхненне творчым асобам працаваць і далей у гэтым напрамку. На такіх жа ўмовах яны пачалі збіраць новы матэрыял і паставілі яшчэ спектаклі: ”Каляды“, ”Як кум да кумы залісаўся“, ”Спарадзіла Чачотачка семера дачок“, якія так сама мелі вялікі поспех.
Калі Генадзя Канстанцінавіча не стала, калектыў працягваў працаваць па таму ж прынцыпу ў якасці фальклорнага тэатра. У 1993 годзе Ларыса Іванаўна Цыркунова стала кіраўніком фальклорнага гурта, а ўжо ў 1994 годзе калектыў атрымаў найменне ”народны“ аматарскі калектыў, які працуе і па сёняшні дзень.
З сабранага матэрыялу атрымалі сваё жыццё тэатралізаваныя кампазіцыі – ”Кірмашовыя замалёукі“, ”На прызбе“, ”Было ў цешчы семера зяцёў“, ”Мамачка, прыйшоў Сярожка“, дзе высмейваюцца дрэнныя адносіны ў сям’і, леннасць жонкі і п’янства мужа, непавага адзін да аднаго. Усё гэта гучыць у песнях, прыказках, прымаўках і гумарэсках.
У пошуках побытавых танцаў на Шуміліншчыне была запісана на магнітафонную стужку цікавая кадрыль, якая дасталася носьбіту ад яе маці. І калі ішла размова з Раісай Ілінічнай Петручышынай (1930 г.н.), яна расказала, што музыкі загінулі падчас вайны і граць было некаму, а танцаваць на вячорках моладзі хацелася. Таму адна пеўчая група спявала кадрылю, а астатнія ў гэты час танцавалі.
Зараз фальклорны гурт выконвае ”Шумілінскую кадрылю“ з музыкамі і кожная калена спяваецца пеўчай групай. А танцавальная група выконвае, непасрэдна, танец.
Гэтая і іншыя гісторыі паспрыялі галоўным мэтам калектыву – захаванню і прапагандзе абрадаў, песень, прыказак, танцаў, прыпевак Шумілінскага рэгіёна.
На сённяшні дзень фальклорны гурт ”Гульбічы“ аб’ядноўвае 16 сапраўдных аматараў народных мелодый, гумару і танцаў. У калектыве займаюцца людзі розных узростаў (ад 30 да 70 гадоў) і прафесій, тры пакаленні артыстаў. У штаце калектыву працуюць таленавіты акампаніятар –Анатоль Васільевіч Міхееў, балетмайстар – Святлана Васільеўна Дземідзенка. У калектыве напрацаваны багаты рэпертуар: абрады народнага і сямейна-бытавога календара, святы каляндарнага цыкла; распрацаваны і пастаўлены тэатралізаваныя прадстаўленні і кампазіцыі, танцавальныя кампазіцыі і танцы паводле мясцовага матэрыялу. Арганізуюцца і праводзяцца фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі па збору мясцовага фальклорнага матэрыялу, якія ў далейшым апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца для напісання сцэнарыяў, пастаноўкі музычных нумароў. Са стварэннем пры калектыве харэаграфічнай групы значна ўпрыгожыліся яго выступленні. У рэпертуары ёсць “Шумілінская кадрыля”, “Вянок беларускіх полек”, “Бульба”, побытавыя танцы і іншыя харэаграфічныя кампазіцыі. У рамках XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянский базар у Віцебску“ (2019 г.) танцавальная пара народнага гурта ”Гульбічы“ прыняла ўдзел у конкурсе нацыянальных побытавых танцаў ва узроставай катэгорыі ”50+“, дзе заняла ганаровае ІІІ месца.
Сістэматычныя рэпетыцыі, індывідуальныя заняткі спрыяюць таму, каб калектыў меў высокі творчы ўзровень і выканаўчае майстэрства.
”Гульбічы“ – жаданы госць усіх раённых, шматлікіх абласных і нават рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Ведаюць яго і за межамі Беларусі.
Сапраўды, лаўровых вянкоў у ”Гульбічаў“ хапае, нямала ў калектыве і славы. Але не так грэе яна, як сагравае цеплынёй любоў гледача. Бачна гэта і па ахопу мясцін Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, дзе яны – частыя госці. Усхвалявана расказвалі ”гульбічане“, як у Краславе, у Латвіі, дзе шматлікая беларуская дыяспара, кланяліся ім у пояс, цалавалі сцэну, плакалі. Гэта былі слёзы па радзіме, па Бацькаўшчыне, а вярнулі гэтае пачуццё сваім адметным выступленнем нашы славутыя землякі. Бо вязуць яны ў сваёй ”скарбонцы“ і чыстую, як крыніца, так званую аўтэнтычную песню – без апрацоўкі і ”наваротаў“.
Сярод апошніх выступленняў калектыву у рамках Міжнароднага супрацоўніцтва ўдзел ў фестывалі нацыянальных культур ”Вянок Дружбы“ (станіца Дзядзькаўская Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі, 2018 г.).
2019 год стаў для фальклорнага гурта асабіста насычаным: удзел у гала-канцэрце творчых калектываў Віцебскай вобласці, прысвечаны 80-годдзю ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“; канцэрт у рамках святкавання народнага латышскага свята ”ЛИГО“ (г.Віцебск); удзел у тэлепраэкце беларускага тэлебачання ”Наперад у мінулае“ з адным са сваіх традыцыйных абрадаў – ”Талака“. Удзел у фестывалі народнай творчасці ”Тры Спасы“ (г.Смаленск).
Калектыў – дыпламант абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“ (г.п.Расоны, 2019 г.), абласнога свята нацыянальных культур ”Нас з’яднала Беларусі“ (г.Верхнядзвінск, 2019 г.).
Галоўныя мэты народнага фальклорнага гурта ”Гульбічы“ – гэта высокае выканаўчае майстэрства, захаванне і папулярызацыя спрадвечных народных традыцый і абрадаў.