НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ ”ГЛЕЙНА“

ДУК ”Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна“

[ngg src=»galleries» ids=»41″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Народны фальклорны калектыў ”Глейна“ быў створаны на базе Гарадоцкага раённага метадычнага цэнтра ў 1999 годзе. У 2007 годзе атрымаў найменне ”народны“. На працягу 20-ці гадоў нязменным кіраўніком калектыву была Лілія Пятроўна Рэзкіна – мясцовая збіральніца фальклору, выканаўца народных песень. Зараз калектыў узначальвае Таццяна Іванаўна Раева.
Галоўнай мэтай дзейнасці гурта ”Глейна“ з’яўляецца вывучэнне народнай песеннай творчасці, зберажэнне мясцовага традыцыйнага фальклору, прапаганда народнай спадчыны раёна. У рэпертуары калектыву – абрадавыя і пазаабрадавыя рэгіянальныя песні, традыцыйныя танцы.
Вялікую ўвагу надае фальклорны калектыў даследчай дзейнасці, вывучэнню адметных рыс традыцыйнай культуры Гарадоччыны, узбагачэнню рэпертуара новымі песнямі. З гэтай мэтай штогод удзельнікамі калектыву лядзяцца фальклорныя экспедыцыі па вёсках раёна. Сабраны матэрыял сістэматызуецца, апрацоўваецца і выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы і правядзенні святаў народнага каляндара, такіх як Каляды, Грамніцы, Гуканне вясны, Масленіца, Юр’я,Зажынкі і інш.
Значную частку рэпертуара калектыву складаюць вясельныя песні. Фальклорным гуртом праведзена вялікая работа па вывучэнні рэгіянальных асаблівасцяў вясельных традыцый, вынікам якой стала рэканструкцыя гарадоцкага вяселля, стаўшая заключным мерапрыемствам раённага агляду- конкурсу ”Вянок кінягіні“.
Калектыў шмат выступае з канцэртамі ў розных клубных установах раёна, прымае ўдзел у святах вёсак, фальклорных вечарынах, праводзіць майстар-класы. Штогод ”Глейна“ з’яўляецца нязменным ўдзельнікам раённага свята традыцыйнай культуры ”Са спадчынай продкаў ў будучыню“, раённага свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору ”Гарадоцкі Парнас“.
За сваю доўгую творчую біяграфію калектыў стаў удзельнікам шматлікіх абласных мерапрыемстваў. Сярод іх – абласное свята абрадавага фальклору ”Купалле Паазер’я“, абласны этнаграфічны канцэрт ”Майстры галоснага спеву“, абласное свята гісторыка-культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў ”Букет Паазер’я“, абласное свята беларускай традыцыйнай культуры ”Зялёныя святкі“ у г.Магілёў і інш. Акрамя таго калектыў не раз прадстаўляў фальклорнае мастацтва Гарадоччыны на адкрытым фальклорным фестывалі імя Вольгі Сяргеевай у г.п.Усвяты Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, выступаў на Усерасійскай Масленіцы ў горадзе Пскове.
Народны фальклорны калектыў “Глейна” з’яўляецца лаурэатам І ступені абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца – 2015“, а па выніках абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў з найменнем ”народны“, ”узорны“ ”Званне падцвярджаю“, што праходзіў у 2018 годзе, ”Глейна“ была узнагароджана дыпломам ”Лепшы творчы калектыў“.
Кожнае выступленне фальклорнага калектыву выклікае нязменную цікавасць у гледачоў, бо ўсе яго ўдзельнікі – таленавітыя, натхнёныя людзі, якія з любоўю і сапраўднай адданасцю ставяцца да захавання і адраджэння фальклорнай спадчыны.