ДУК “Гарадоцкі раённы Цэнтр культуры”



Народны фальклорны гурт “Глейна” быў створаны ў 1999 годзе, а ў 2007 калектыву нададзена найменне “народны”. На працягу 20-ці гадоў нязменным кіраўніком калектыву была Лілія Пятроўна Рэзкіна – мясцовая збіральніца фальклору, выканаўца народных песень. Зараз калектыў узначальвае Таццяна Іванаўна Раева. Шмат год Раева Т.І. займаецца вывучэннем і зберажэннем песеннай фальклорнай спадчыны Гарадоччыны. З вялікай любоўю і павагай ставіцца да здабыткаў традыцыйнай культуры рэгіёна.
Дзейнасць калектыву скіравана на зберажэнне мясцовага традыцыйнага песеннага фальклору, прапаганду багатай і самабытнай фальклорнай спадчыны раёна, далучэнне шырокага кола насельніцтва да здабыткаў народнай культуры.
У рэпертуары калектыву – абрадавыя і пазаабрадавыя рэгіянальныя песні, традыцыйныя танцы. Вялікую ўвагу фальклорны калектыў надае даследчай дзейнасці, вывучэнню адметных рыс традыцыйнай культуры Гарадоччыны, узбагачэнню рэпертуара новымі песнямі. З гэтай мэтай штогод удзельнікамі калектыву ладзяцца фальклорныя экспедыцыі па вёсках раёна. Сабраны матэрыял сістэматызуецца, апрацоўваецца і выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы і правядзенні святаў народнага каляндара, такіх як Каляды, Грамніцы, Гуканне вясны, Масленіца, Юр’я, Зажынкі і інш.
Значную частку рэпертуара калектыву складаюць вясельныя песні. Фальклорным гуртом праведзена вялікая работа па вывучэнні рэгіянальных асаблівасцяў вясельных традыцый, вынікам якой стала рэканструкцыя гарадоцкага вяселля.
Калектыў шмат выступае з канцэртамі ў розных клубных установах раёна, прымае ўдзел у святах вёсак, фальклорных вечарынах, праводзіць майстар-класы. Штогод “Глейна” з’яўляецца нязменным удзельнікам раённага свята традыцыйнай культуры “Са спадчынай продкаў ў будучыню”, раённага свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”.
За сваю доўгую творчую біяграфію калектыў стаў удзельнікам шматлікіх абласных мерапрыемстваў. Фальклорныя песні ў выкананні ўдзельніц калектыву гучалі ў канцэртнай праграме ў межах тэматычнай экспазіцыі Віцебскай вобласці на ВДНХ у Маскве, Усерасійскай Масленіцы ў горадзе Пскове, не раз калектыў прадстаўляў фальклорнае мастацтва Гарадоччыны на адкрытым фальклорным фестывалі імя Вольгі Сяргеевай у г.п.Усвяты Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Кожнае выступленне фальклорнага калектыву выклікае нязменную цікавасць у гледачоў, бо ўсе яго ўдзельнікі – таленавітыя, натхнёныя людзі, якія з любоўю і сапраўднай адданасцю ставяцца да захавання і адраджэння фальклорнай спадчыны.