ДУК ”Сенненскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці“
Фальклорны ансамбль ”Вечарынка“ быў створаны ў 1995 годзе пры арганізацыйна-метадычным цэнтры аддзела культуры Сенненскага райвыканкама. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік калектыву – Дарожкіна Вольга Сцяпанаўна. З 2003 года ансамблем кіравала Грыгаран Тамара Арцрунаўна. З сакавіка 2010 года хоймайстрам ансамбля з’яўляецца Ладунец Таццяна Мікалаеўна. Сваю творчую дзейнасць калектыў вядзе больш за 20 год.
У снежні 1997 года калектыву прысвоена ганаровае найменне ”народны“. Асноўным напрамкам дзейнасці ансамбля з’яўляецца збор і распаўсюджанне фальклорнай, песеннай культуры, традыцыйных свят і абрадаў Сенненшчыны.
Рэпертуар ансамбля каларытны і рознабаковы, складаецца са святаў і абрадаў народнага земляробчага календара: Каляды, Масленіца, Купалле, Зажынкі, Спас, абрады ”Заручаны“ і ”Сустрэча маладых“; з беларускіх народных песень і твораў сучасных кампазітараў, мясцовых танцаў: ”Лысы“, ”Кракавяк“, ”Падыспань” ”Кросны“. Удзельнікі калектыву ўмела спалучаюць музычна-песенныя, харэаграфічныя і драматычныя жанры ў раскрыцці вобразаў выконваемых твораў.
Колькасць удзельнікаў калектыву – 15 чалавек. Удзельнікамі калектыву з’яўляюцца прадстаўнікі розных прафесій, але асноўны састаў калектыву – гэта творчыя і таленавітыя работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На працягу творчага жыцця калектыву склад яго ўдзельнікаў змяняўся, але ёсць і тыя, якія працуюць з першага дня яго існавання. Кіраўнік калектыву займаецца падборам рэпертуару, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцяў кожнага з іх.
Рэпертуар калектыву папаўняецца песнямі, якія былі запісаныя падчас экспедыцый у вёскі Сенненскага раёна.
У творчай біяграфіі калектыву шмат яркіх старонак. Народны фальклорны ансамбль ”Вечарынка“ – актыўны ўдзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў: абласнога свята абрадавага фальклору ”Купалле Паазер’я“ (2010 г.); фестывалю беларускага мастацтва і фальклору ”Бараньскія музыкі – 2010“ (г.Барань Аршанскага раёна); тэлевізійнага творчага праекта ”Звёздный путь“ (г.Віцебск, 2013 г.); абласнога свята ”Масленічны разгуляй“ у межах абласнога агляду-конкурсу гісторыка-культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў ”Букет Паазер’я“ (г.Гарадок, 2015 г.); абласнога свята-конкурсу народнага касцюма ”Сцяжкі майстэрства“ (2015, 2016 гг.); абласнога свята-конкурсу ”Вялікая вясельніца“ (г.п.Ушачы, г.п.Расоны, 2017, 2019 гг.). У 2018 г. калектыў прымаў удзел у свяце-конкурсе народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору ”Гарадоцкі Парнас“ (г.Гарадок), прысвечаным Году малой Радзімы, дзе быў узнагароджаны Дыпломам III ступені. У 2019 годзе калектыў прыняў удзел у запісу тэлеперадачы ”Наперад у мінулае“ на тэлеканале ”Беларусь 3“. Удзельнікамі калектыву дэманстраваўся абрад ”Заручаны“.
У творчых планах ансамбля – вывучэнне музычнай спадчыны свайго рэгіёна, актыўная канцэртная дзейнасць, пашырэнне рэпертуару, удзел у раённых і абласных фестывалях і конкурсах. Удзельнікаў народнага фальклорнага ансамбля ”Вечарынка“ аб’ядноўвае любоў да беларускай народнай песні і імкненне дарыць радасць шырокаму колу слухачоў.