НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ АНСАМБЛЬ ”ГАЛАСЫ СПАДЧЫНЫ“

філіяла № 2 ”Багатырскі сельскі Дома культуры“
ДУК ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“

[ngg src=»galleries» ids=»57″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Пачаўшы сваю дзейнасць у 1971 годзе, народны фальклорны калектыў ”Галасы спадчыны“ на працягу амаль 50 гадоў беражліва захоўвае традыцыі рэгіянальнага фальклору і яго каларыт, з’яўляецца галоўным захавальнікам і носьбітам народных традыцый Полаччыны; адраджае старадаўнія абрады, песні, танцы сваёй мясцовасці, якія шмат год жылі толькі ў памяці жыхароў навакольных вёсак. У 1991 годзе за высокі прафесійны ўзровень калектыву прысвоена найменне “народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь“. У складзе гурта 15 аматараў фальклору. Большая частка удзельнікаў – пенсіянеры. Са жніўня 2015 года калектывам кіруе Стараннік Таццяна Сцяпанаўна.
Культурнае жыццё калектыву насычанае і разнастайнае. Асноўнымі адметнасцямі творчай дзейнасці з’яўляюцца: правядзянне актыўнай экспедыцыйнай работы (сустрэчы з носьбітамі фальклорных традыцый, запіс фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў). У рэпертуары калектыву – песні, звязаныя з традыцыйным беларускім вяселлем, хрэсьбінамі, радзінамі, любоўныя, жартоўныя. Адной з адметнасцяў з’яўляецца асаблівая манера выканання песень ”ў перахлёст“, альбо, як самі ўдзельнікі назваюць, ”полацкі канон“. Гэта манера спеваў адлюстроўвае этнаграфічную асаблівасць паўночна-заходняга рэгіёна Беларусі, якую вызначае галоўным чынам аднагалоссе ў харавым спеве. У 2019 годзе нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека ”Спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень ”у перахлёст“ у в. Багатырская Полацкага раёна Віцебскай вобласці“ нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У сучасным жыцці спевы выкарыстоўваюцца як рэгіянальны брэнд Полаччыны падчас разнастайных фестываляў і святаў традыцыйнай культуры.
Калектыў актыўна папулярызуе сваю дзейнасць праз сродкі масавай інфармацыі. Яго ўдзельнікі не раз прымалі ўдзел у запісу відэасюжэтаў пра сваю творчую дзейнасць здымачнымі групамі тэлеканалаў ”Беларусь 1“, ”Беларусь 3“, ”Беларусь 4“ НДТРК ”Белтэлерадыёкампанія“, ЗАТ ”Сталічнае тэлебачэнне“. Так, у 2016 і 2018 гадах калектыў стаў удзельнікам тэлевізійнага творчага праекта ”Наперад у мінулае“. У 2017 годзе ”Галасы спадчыны“ прынялі ўдзел у здымках пазнавальнай турыстычнай штотыднёвай праграмы ”Маршрут построен“ тэлеканала ”Беларусь 1“. Для здымак быў прадстаўлены ўдзел калектыву ў раённым этнаграфічным праекце ”Смачнае падарожжа Надзейкі“ аб старадаўніх кулінарных традыцыях Полацкага рэгіёна. Таксама вядзецца актыўная праца з газетамі ”Культура“, ”Сельскай газетай“, ”Віцебскія весткі“, ”Полацкі веснік“, навасным інтэрнэт-парталам ”Хімік.інфо“, інтэрнэт-парталам ”Полацк-партал“ і інш.
У 2017 годзе жніўнай абрадавай песняй ”Гаварыла ядраное жыта“ ў манеры ”ў перахлёст“ народны фальклорны калектыў ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры разам з народным ансамблем ”Вясна“ Полацкага каледжа УА ”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М.Машэрава“ адкрылі творчую прэзентацыю Полацкага раёна ў рамках выніковай абласной калегіі ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах Віцебскай вобласці, на якой прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Віцебскага аблвыканкама, ідэалагічнага актыву вобласці.
У 2018 годзе ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву ”Галасы спадчыны“ ў складзе творчай дэлегацыі Полацкага раёну прынялі ўдзел у прэзентацыі брэндавай пляцоўкі Віцебскай вобласці на Рэспубліканскім свяце Купалле ”Александрыя збірае сяброў“, дзе ў рамках праекта ”Полаччына гасціная“ спявалі для гасцей свята купальскія песні ў манеры ”ў перахлёст“ і частавалі ўдзельнікаў свята полацкімі старадаўнімі стравамі ”цыбрыкамі“ і квасам ”раўгеня“.
У 2019 годзе ў рамках музычна-патрыятычнай акцыі ”Песні малой радзімы“ Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правёў у Полацку запіс твораў нацыянальнай фальклорнай спадчыны і арыгінальнага рэпертуару рэгіянальных аматарскіх калектываў. Спеўную культуру Полаччыны ў манеры спеваў ”у перахлёст“ прадставілі ”Галасы спадчыны“.
Народны фальклорны калектыў як яркі носьбіт мясцовых традыцый, ўзнагароджваўся памятнымі знакамі, сертыфікатамі, дыпломамі рознага ўзроўню: дыплом лаўрэата І, ІІ фестывалю народнага мастацтва Беларусі ”Беларусь – мая песня“ (г.Віцебск, 1998 г.; г.Мінск ,2005 г.); дыплом лаўрэата абласнога фестывалю абрадавага фальклору Віцебшчыны ”Купалле Паазер’я“ (вв. Івесь, Шо, Глыбоцкі раён, 2006, 2009 гг.); сертыфікат Веры Пісюковай за высокія творчыя дасягненні ў галіне этнакультуры і з нагоды ўдзелу ў І Міжнародным фэсце мастацтва галасавой імправізацыі ”Фонтон-2012“ (г.Віцебск); дыплом лаўрэата II, ІІІ ступеняў абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“ (г.п.Ушачы, 2017 г.; г.п.Расоны, 2019 г.); уладальнік Гран-пры абласнога агляду-конкурсу клубаў ”Ветэран“ і ветэранскіх творчых калектываў ”Не старэюць душой ветэраны“ (г.Верхнядзвінск, 2020 г.).
Багаты накоплены вопыт народнага фальклорнага калектыву ”Галасы спадчыны“ і фальклорныя традыцыі сталі добрай падставай для арганізацыі і правядзенняў вёсцы Багатырская фольк-арт-уікэнда ”Калядны разгуляй па-багатырску“.
Удзельнікі калектыву з асобай пашанай адносяцца да яго заснавальніцы – былога кіраўніка, носьбіта фальклору Веры Уладзіміраўны Пісюковай. Так, у 2016 годзе адбылося мерапрыемства ”Голас спадчыны жывы“, у рамках якога адкрылася этнахатка ў гонар заснавальніцы, аснову кампазіцый якой складаюць асабістыя рэчы Веры Уладзіміраўны, а ў 2018 годзе быў арганізаваны і праведзены першы фальклорны фэст у гонар В.У.Пісюковай.
Творчая дзейнасць калектыву даўно цікавіць даследчыкаў, фалькларыстаў, этнографаў. З мэтай перадачы ведаў дзецям і моладзі, ”Галасы спадчыны“ праводзіць майстар-класы і практычныя заняткі для вучняў устаноў адукацыі гарадоў Полацка і Наваполацка па вывучэнні песень, абрадаў і народных гульняў. Таму на базе этнахаткі ў гонар В.У.Пісюковай праводзяцца цыклы мерапрыемстваў па азнаямленню і вывучэнню беларускага аўтэнтычнага фольклору.
Кожны ўдзельнік народнага фальклорнага калектыву ”Галасы спадчыны“ адчувае асабістае дачыненне да высакароднай справы і гонар за адраджэнне і захаванне народных традыцый, абрадаў і песень.