Езярышчынскага гарпасялковага Дома культуры
ДУК ”Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна“
Народнае фальклорнае згуртаванне ”Азерыца“ створана ў Езярышчанскім гарпасялковым Доме культуры ў 2004 годзе. З 2006 года носіць найменне ”народны“. Кіраўнік калектыву Комава Жанна Мікалаеўна.
Шмат год плённа і натхнёна займаецца калектыў вывучэннем і зберажэннем музычнай фальклорнай спадчыны свайго рэгіёна. Знаёмыя мелодыі ў іх выкананні набываюць новае жыццё, ззяюць новымі фарбамі, перадаючы ўсю прыгажосць і багацце традыцыйнай культуры Гарадоччыны, яе асаблівую, непаўторную энергетыку.
Віртуознасць музыкаў ”Азерыцы“, вельмі шчырая і кранальная манера выканання, самабытны рэпертуар – усё гэта дае магчымасць гледачам адчуць сапраўдную атмасферу даўніны, перанесціся у тыя часы, калі гучалі старадаўнія песні, калі хадуном хадзіла вясковая хата пад гукі гармоніка ды цымбал.
Калектыў вядзе актыўнае сцэнічнае жыццё, прымае ўдзел у шматлікіх культурна-масавых мерапрыемствах Езярышчанскага ГпДК, святах народнага каляндара, святах вёсак, часта выступае з канцэртамі ў іншых установах культуры раёна, на гарадскіх і раённых святах і ўрачыстасцях.
Штогод фальклорнае згуртаванне прымае ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе народнай творчасці “Гарадоцкая скарбонка“, у раённым свяце традыцыйнай культуры ”Са спадчынай продкаў ў будучыню”, у брэндавым мерапрыемстве Гарадоччыны – раённым свяце народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору ”Гарадоцкі Парнас“, раённых святочных мерапрыемствах. Кожнае выступленне ”Азерыцы“ заўжды дэманструе якасны музычны матэрыял, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры.
Народнае фальклорнае згуртаванне ”Азерыца“ добра вядома не толькі на Гарадоччыне. Калектыў прымае ўдзел у абласных фестывалях, аглядах і конкурсах. Ён з’яўляецца лаўрэатам I ступені абласнога відэаконкурсу інструментальных калектываў, лаўрэатам I ступені абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў і спеваў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца – 2019“ (г.п.Расоны), лаўрэатам Міжнароднага фестывалю песні і музыкі ”Дняпроўскія галасы ў Дуброўне“, а таксама лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі ”Ансамблевае выкананне“ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі ”Звіняць цымбалы і гармонік у Паставах“.
З поспехам прадстаўляе ”Азерыца“ багатую і самабытную культуру Гарадоччыны далёка за межамі Беларусі. У творчай скарбонцы калектыву – дыпломы лаўрэата V Міжнароднага фестывалю традыцыйнай культуры ”Покуць – 2010“ у г.Харкаў (Украіна), Міжнароднага фальклорнага фестывалю ”Сонца Расіі“ ў г.Курск (Расія), Міжнароднага фальклорнага фестывалю ”Золотые родники“ (г.Пскоў, Расія), Міжнароднага свята народнай музыкі, танца і гармоніка ”Гармонь собирает друзей“ у горадзе Смаленску (Расія), а таксама адкрытага фальклорнага фестывалю імя В.Сяргеевай ва Усвятах (Расія).
Дзякуючы высокаму ўзроўню выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў ансамбля, расце колькасць іх прыхільнікаў далёка за межамі раёна, а разам з гэтым і цікавасць да гарадоцкай самабытнай культуры.