Міснікава Таццяна Уладзіміраўна

1973 г.н.
г. Гарадок

Міснікава Таццяна Уладзіміраўна – майстар вышыўкі, член Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Вытокі”. З 2008 года – член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.

Нарадзілася ў 1973 годзе ў Гомельскай вобласці. Працуе ў Гарадоцкім Доме рамёставаў і фальклору кіраўніком гуртка “Вышыўка”. Шмат часу Таццяна Уладзіміраўна аддае вывучэнню традыцый Гарадоцкага раёна. Авалодала ўсімі вядомымі на Гарадоччыне тэхнікамі і прыёмамі вышыўкі: крыжыкам, лікавай гладдзю, мярэжкай. Аднавіла лакальную традыцыйную для поўначы Віцебшчыны “перавіць з насцілам”.

Вялікая работа была праведзена вышывальшчыцай па аднаўленні традыцыйных касцюмаў Гарадоччыны.

Арнаменты вышывак кашуль, фартухоў і намітак былі ўзяты майстрам з узораў гарадоцкіх ручнікоў, знойдзеных падчас экспедыцый па раёне і ў фондах Гарадоцкага краязнаўчага музея.

Вышыўка Міснікавай Т.У. вылучаецца традыцыйнасцю і высокім прафесійным майстэрствам.Вышывае па льняной тканіне, як хатняга так і фабрычнага вырабу.

Майстар – пастаянныўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і святаў: ўладальнік Гран-пры абласнога свята-конкурсу майстроў вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка” у межах ХVІІ Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” (2008 г.); у 2012 годзе была ўзнагароджана дыпломам за I месца ІV Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет”; у 2014 годзе майстар стала пераможцай адкрытага абласнога конкурсу “Лепшае афармленне пляцоўкі”, які праходзіў у рамках святкавання Дня города Наваполацка; у 2015 годзе прыняла ўдзел  у Міжнароднай Ягелонскай ярмарцы ўг. Люблін (Рэспубліка Польшча);у 2018 годзе Таццяна Міснікава атрымала дыплом лаўрэата выставы “Юбілейныя сімвалы”.

Майстрыха зрабіла значны асабісты ўклад у традыцыйную культуру не толькі свайго рэгіёна, але і Беларусі.

У 2018 годзе Міснікава Таццяна Уладзіміраўна атрымала званне “Народны майстар Беларусі”.