Міхайлоўская Алена Мікалаеўна

Міхайлоўская Алена Мікалаеўна
г.Глыбокае, Віцебская вобласць
1986 г.н.

Міхайлоўская Алена Мікалаеўна нарадзілася ў 1986 годзе ў г.п.Падсвілле Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. У 2005 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці ”тэхналогія вырабу тканіны“. З верасня 2005 па сакавік 2006 года працавала майстрам-метадыстам у Пастаўскім Доме рамёстваў ”Стары млын“. Там былі створаны яе першыя работы ў тэхніцы ручнога ткацтва.
З 2006 года працуе ў Глыбоцкім Доме рамёстваў метадыстам па ткацтве. Сваёй настаўніцай лічыць Байкову Веру Васільеўну, бо яшчэ школьніцай наведвала гурток па ткацтве, якім у той час кіравала вядомая майстрыха. За перыяд работы ў Глыбоцкім Доме рамёстваў Алена Мікалаеўна авалодала наступнымі відамі ткацтва: чатырохнітовым, тэхнікай ”дымкай“, браным.
У 2011 годзе ў г.Лепель праводзіўся раённы конкурс па ткацтве ”Матчыны кросны“, дзе Алена Міхайлоўская стала лаўрэатам ІІІ ступені ў намінацыі ”Ткацтва ручніка“.
У 2012 годзе Алена Мікалаеўна ўдзельнічала ў ІV Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў ”Вясновы букет“, які праходзіў у Лошыцкім парку ў г.Мінск. У 2017 годзе праводзіла майстар-клас на кроснах у горадзе Мінску.
Выстава ”Творчыя замалёўкі“ – гэта першая персанальная выстава майстра. Да выставы Алена Мікалаеўна падрыхтавала калекцыю тканых ручнікоў, посцілак, сурвэтак. У 2017 годзе майстар прадставіла сваю другую персанальную выставу ”Вытканыя ўзоры“.
Алена Міхайлоўская – малады, творчы, таленавіты і разнастайны майстар народных мастацкіх рамёстваў, які штогод прадаўжае ўдзельнічаць ў раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, выставах і фестывалях, у яе шмат задумак і планаў, якія яна паступова рэалізуе.