Абрад “Пахаванне Дзеда” бытуе на Гарадоччыне вельмі шмат гадоў і яго спраўляе ўжо не адно пакаленне вяскоўцаў. “Пахаванне дзеда” не мае дакладных аналагаў у іншых рэгіёнах Беларусі. Смерць Дзеда ўспрымаецца як падвядзенне своеасаблівай рысы пад “мясаедам” і ўспрымаецца сімвалічна: лічыцца, што ён памірае, падавіўшыся косткаю (“Вось дзед ужо давіцца касцьёй, і мяса ўжо не ядуць, нельга… Ета масляная нядзеля адходзіць і пост заходзіць”).
Абрад праводзіцца кожны год у першы панядзелак Масленіцы і ўяўляе сабой своеасаблівую кульмінацыйную кропку гэтага часу. У ім прымаюць удзел у асноўным жанчыны, прычым сталага ўзросту. Дзеці і маладыя незамужнія дзяўчаты да ўдзелу ў абрадзе не дапускаюцца. Да “крывога панядзелка”, у які ладзіцца дзея, прымеркавана прыгатаванне адпаведнага чучала – вялізнай, у чалавечы рост лялькі з саломы і розных ануч. Дзед апранаецца ў адзенне для мужчын – сарочку, нагавіцы, шапку, “тапці”, ці як раней – лапці. Затым гэту ляльку кладуць, як на пахаванне, на лаву, галавой у чырвоны кут, пад абразы, і пакрываюць абрусам. У хаце ля памерлага збіраюцца аднавяскоўцы, пачынаюць весці дыялогі, галасіць па ім. Яны абменьваюцца рытуальна-гульнёвымі рэплікамі, якія адпавядаюць сітуацыі.
Шмат чаго скіравана тут на смехавую разрадку прысутных. Напрыклад, падкрэсліваецца яго гіперсэксуальнасць, што атрымлівае сваё відовішчнае адлюстраванне: праз штаніну прадзёргіваецца вяроўка з палкаю або моркваю на канцы, а той, хто сядзіць каля дзеда, час ад часу дзёргае за вяроўку:“бабы хахочуць каля яго: і з Люськай хадзіў, і к Манькі лазіў праз вакно, і ў лазню хадзіў за Валькай глядзець, во якей дзед быў…”.
Пасля адбываецца яго пахаванне – чучала выносяць на вуліцу, кладуць на снег і прысыпаюць ім. Затым усе прысутныя вяртаюцца ў хату, садзяцца за памінальны стол з рытуальнымі стравамі (на ім абавязкова прысутнічае “сырніца” і няма ніводнай стравы з мяса), і з песнямі, музыкай і прыпеўкамі памінаюць яго. Вобраз Дзеда, яго смерць у дадзеным выпадку сімвалізуюць заканчэнне зімы, надыход вясны.
Такім чынам, масленічная гульня “Пахаванне дзеда” з’яўляецца адным з самых яркіх “маркераў” паўночна-ўсходняй тэрыторыі Віцебскага Падзвіння. Яна арганічна ўваходзіць у масленічны абрадавы комплекс, які мае тут шырокае бытаванне.