Кудзіна Ніна Сцяпанаўна

1948 г.н.
Лепельскі р-н, Віцебская вобл.

Кудзіна Ніна Сцяпанаўна нарадзілася 11 сакавіка 1948 года ў в.Мінічы Свіслачскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла школу, затым тэхнікум. Навучанне працягвала ў Беларускім тэхналагічным інстытуце, пасля заканчэння якога прыехала працаваць у Бярэзінскі біясферны запаведнік (в.Домжарыцы Лепельскага раёна).

Навыкі ткацкага рамяства Ніна Сцяпанаўна пераняла ад сваёй маці. З маленства яна прывыкла да звону кроснаў у бацькоўскай хаце. Яе ніколі не пакідала любоў да  ткацкай справы. На цяперашні час яна валодае амаль усімі тэхнікамі шматнітовага ткацтва. Ніна Сцяпанаўна стварае цэлыя шэдэўры на сваіх кроснах. Яе ручнікі, посцілкі і шмат іншых рэчаў вядомы па ўсёй Беларусі. Яе кветачкі, птушкі, беларускія ўзоры яскрава граюць на льняных ручніках.

У сваіх вырабах Ніна Сцяпанаўна выкарыстоўвае розныя арнаменты –  ад простых слупкоў, шашачных і зубчастых узораў да складаных геаметрычных з прысутнасцю разетак, зорак, крыжападобных, рамбічных фігур, таксама выяў птушак, розных жывёл. Сатканыя ручнікі і посцілкі адрозніваюцца высокім майстэрствам і з’яўляюцца добрай школай для яе вучняў, якія працягваюць традыцыі ручнога ткацтва.

Ніна Сцяпанаўна – ганаровы член Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусьнароднага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка” Дзяржаўнай установы культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”.

У 2002 годзе Ніна Сцяпанаўнабыла прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Неаднаразова пацвярджала сваё высокае прафесійнае майстэрства на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх выставах і конкурсах.

Ніна Сцяпанаўна Кудзіна – дыпламантУсебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”(1998г.);  Рэспубліканскага свята “Траецкі кірмаш” (1999г.), абласнога свята-конкурсу ткацтва “Матчыны кросны” ў намінацыях “Ткацтва посцілкі”(2003г.), “Ткацтва ручніка” (2006г., 2009 г.),  абласной выставы народнага мастацтва “Жывая легенда” (2005г.).

Ніна Сцяпанаўна –уладальнік  дзяржаўнай стыпендыі 2009 года за стварэнне арыгінальнай калекцыі мастацкіх тканін у мясцовых традыцыях ткацтва.

У 2011годзе ей прысуджана ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.