Краўчук Адам Мікалаевіч

Краўчук Адам Мікалаевіч
1937-2019 г.ж.
г. Віцебск

Краўчук Адам Мікалаевіч нарадзіўся ў 1937 годзе ў в.Рагадошч Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля навучання ў школе скончыў Пінскі гідратэхнікум. У 1968 годзе пераехаў у г.Віцебск. Працаваў у праектным інстытуце ”Віцграмадзянпраект“ інжынерам-канструктарам.

Адам Мікалаевіч – старэйшы майстар на Віцебшчыне, які аднолькава прафесіянальна валодаў пляценнем з лазы і саломы. Займаў вядучае месца ў вобласці па адраджэнні старажытнага спіральнага пляцення і вырабу ў гэтай тэхніцы традыцыйных форм утылітарна-дэкаратыўных вырабаў, а таксама саламянага абутку. Стваральнік першай сучаснай калекцыі побытавых утылітарна-дэкаратыўных вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення. Выкладчык абласных курсаў па спіральнаму саломапляценню.

У 1995 годзе правёў курсы павышэння кваліфікацыі па саломапляценні пры ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Сярод яго вучняў была Гаравая Людміла Генадзьеўна, якая пазней стала не толькі вядомым майстрам, але і атрымала званне “Народны майстар Беларусі”.

У рабоце Адам Мікалаевіч карыстаўся мінімумам інструментаў: драўляным шылам з дуба або ясеня і ножыкам. Перавязваў саламяныя пучкі лазовымі жгутамі. На абласной выставе ”Жывая легенда“ ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва ”Беларусь – мая песня“ (г.Віцебск, 2005 г.) былі прадстаўлены ўнікальныя работы майстра ў тэхніцы спіральнага пляцення – гэта валёнкі для дарослых і таксама дзіцячая пара абутку, якія потым экспанаваліся на рэспубліканскай выставе таго ж фестывалю ”Жывыя крыніцы“ (г.Мінск, 2006 г.). Шматлікія вырабы майстра ў тэхніцы спіральнага пляцення былі прадстаўлены на выставах за мяжой – Украіне, Германіі. Сёння справу Адама Краўчука працягваюць яго вучні – майстры з Гарадоцкага, Браслаўскага і Верхнядзвінскага раёнаў, г.Віцебска.

У 2008 годзе Краўчуку А.М. быў нададзены статус народнага майстра Беларусі.