Карабліна Аксана Уладзіміраўна

Карабліна Аксана Уладзіміраўна
1969 г.н.
г. Чашнікі, Віцебская вобласць

Карабліна Аксана Уладзіміраўна нарадзілася ў 1969 годзе ў горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум па спецыяльнасці “тэхнік-тэхнолаг”, “майстар вытворчага навучання”. З 1996 года працуе ў Чашніцкім Доме рамёстваў, зараз метадыстам па вышыўцы і кіраўніком гуртка “Вязанне кручком”. За час працы навучыла больш за 500 чалавек.
Майстар валодае многімі відамі народнай творчасці: ткацтва, вязанне кручком, саломапляценне, макрамэ, мастацкая вышыўка. Вязанне кручком або карункапляценне – любімы від творчасці майстра, у якім яна выкарыстоўвае розныя тэхнікі: ірландскія карункі, стужачныя карункі. Для фонду Дома рамёстваў сабрала і аформіла метадычны матэрыял “Традыцыйныя матывы і карункаплеценыя Чашніцкага раёна”, “Тэкстыльная лялька”, “Метадычная распрацоўка вырабу тэкстыльнай лялькі” і інш. Пастаянна вядзецца праца над альбомам “Бабулін ручнік”, у якім сабраны матэрыял рэканструяваных ручнікоў рэгіёна.
Майстар актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, ні адна раённая і абласная выстава не абыходзіцца без яе работ. На абласным свяце-конкурсе майстроў вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка” заняла ІІІ месца ў намінацыі “Развіццё традыцый у вышыўцы”. На свяце-конкурсе “Сцяжкі майстэрства” для ўдзелу ў намінацыі “Аднаўленне лакальных адметнасцяў традыцыйнага строю рэгіёна”, правяла навукова-даследчую працу па зборы матэрыялу, аналізу і рэканструкцыі касцюма. Майстар пашыла і ўпрыгожыла карункамі два жаночых касцюма Чашніцкага рэгіёна.
На выставу-конкурс народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Ручнік – як лёс” Карабліна Аксана Уладзіміраўна прадставіла калекцыю ручнікоў у колькасці 12 штук. Тры з якіх – рэканструкцыя Чашніцкага ручніка, арыгіналы якіх былі знойдзены ў экспедыцыях па раёне.
У абласной выставе-конкурсе народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства – 2017” Аксана Уладзіміраўна прадаставіла сумесную працу з Раісай Уладзіміраўнай Агель. Гэта па-майстэрску выкананая рэканструкцыя зімовага жаночага паліто. Паліто было перададзена ў музей з в. Дубянцы Чашніцкага раёна.
Узнагароджана: дыпломам III ступені абласной выставы-конкурсу майстроў вышыўкі кашулі і фартуха “Чароўная нітка – 2018” у намінацыі “За дасканалае валоданне тэхнікай вышыўкі”; дыпломам II ступені абласной краязнаўчай выставы-конкурсу “Народнае адзенне Віцебшчыны” ў намінацыі “За лепшую калекцыя фотоматэрыялаў па народнаму адзенню і яе інфармацыйнае суправаджэнне”.