Элемент “Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны” з’яўляецца вызначальным складнікам мастацкай культуры рэгіёна, мае глыбокія народныя карані і ўвасаблівае гістарычнае і паўсядзённае жыццё народа праз жывапісна-пластычную форму выказвання. Узнікненню інсітнага (наіўнага) мастацтва ў Віцебскай вобласці спрыялі багатыя традыцыі цэхавага рамяства, якое паспяхова развівалася на працягу ХУІІ – пачатку ХХ ст. і у першай палове ХХ стагоддзя набыла формы індывідуальной творчасці. Мастакоўскія навыкі былых маляроў былі скарыстаны М.Шагалам ў афармленні горада падчас рэвалюцыйных святаў. Далей народныя творцы развіваліся ў межах мастацкай самадзейнасці савецкага часу і народнай вясковай культуры. У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін “insita” (дадзены ад прыроды) у дачыненні да творчасці непрафесійных мастакоў быў ужыты славацкім даследчыкам Штэфанам Ткачом у 1966 г. У 1991 г. адбылася І абласная выстава “Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus”, у 1994, 2000, 2008, 2012, 2016 — Нацыянальныя выставы “Insita”. У сучасным культурным жыцці Віцебскай вобласці інсітная творчасць мастакоў і разьбяроў займае значнае месца: сістэмна праводзяцца персанальныя, групавыя, клубныя выстаўкі ва ўстановах культуры і адукацыі.
У якасці духоўных вартасцей інсітнага мастацтва вызначаюць яго непарыўную сувязь з жыццёвымі абставінамі творцы, інспіраванасць выклікамі яго лёсу, прымацаванасць творчасці да роднага краю з усімі яго рэаліямі. Глядацкую аўдыторыю інсітнага мастацтва прываблівае паэтыка рамесна-працоўнай, земляробчай, любоўна-сямейнай ідыліі. У суб’ектыўнай наратыўнасці інсітнага творцы засўсёды прысутнічае агульнавыпрацаваныя народам адзнакі гістарычных падзей, каштоўнасці народнай этыкі, адметныя формы нацыянальнага жыцця.
Мастацка-стылёвыя вартасці інсітнага мастацтва, звязаны з першаснасцю творчага працэсу, цэласным і непасрэдным светаўспрыманнем, своеасаблівым для кожнага аўтара спосабам самавыяўлення. Ідылічна-казачная карціна свету і гратэскны рэалізм складаюць вобразную аснову інсітнага мастацтва, таксама могуць прысутнічаць тэмы экзістэнцыяльнага і візіанерскага характару. Ідэаграфічнасць, рэдукцыя вобразу да архетыпу, міфалагічная свядомасць заўсёды выдаюць інсітнага мастака. Яго творчы метад адзначаны элементамі мадэлявання вобразу па памяці, ці па ўяўленню. Інсітны творца працуе ў розных жанрах і з рознымі матэрыяламі, але пераважаюць графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне (дываны), пластыка (разьба па дрэве, мармуры, лепка з гліны, пластыліну, гіпсу, цыменту), брыкалаж (аб’екты з падручных матэрыялаў).
У развіцці інсітнага мастацтва Віцебшчыны прымаюць удзел мастакі, якія уваходзяць у склад народных аматарскіх калектываў: народны клуб мастакоў-аматараў г. Віцебска “Контур” (ДУ “КГК “Залатое кола г.Віцебска “Дзвіна”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Традыцыя” (Віцебскі раённы Цэнтр рамёстваў “Адраджэнне”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка” (Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў
“Ля возера” (НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў (Верхнядзвінскі раённы Дом рамёстваў), Заслужаны аматарскі калектыў РБ клуб народных майстроў “Вытокі” (Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Крыніцы” (ДУК “Глыбоцкі ЦТКіНТ”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Дубрава” (Дубровенскі раённы Дом рамёстваў), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Крыніцы” (Лёзненскі раённы Дом рамёстваў), Заслужаны аматарскі калектыў РБ клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка”( ДУК “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў (ДУК “Аршанскі Дом рамёстваў”), народны клуб мастакоў-аматараў “Рэнесанс” (ДУК “Аршанскі ГЦК “Перамога”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Майстры” (Пастаўскі Дом рамёстваў “Млын”), народны клуб самадзейных мастакоў-аматараў “Белае палатно” ( ДУК “Полацкі гарадскі Палац культуры”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў ДУК “Шумілінскі раённы Дом рамёстваў”)