
Iльюшкiна Жанна Уладзiмiраўна
1973 г.н.
г.п. Лёзна, Віцебская вобл.
Iльюшкiна Жанна Уладзiмiраўна нарадзілася ў 1973 годзе, у 1995 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім.С.М.Кірава па спецыяльнасці ”Педагогiка i методыка пачатковага навучання i выяўленчае мастацтва“. Сваю працоўную дзейнасць у галіне культуры пачала з 2005 года, калi стала працаваць кіраўніком народнага клуба самадзейных майстроў і мастакоў ”Крыніцы“ пры Лёзненскiм раённым Доме рамёстваў. Таксама займалася роспісам па дрэве і жывапісам.
У 2013 годзе Жанна Уладзiмiраўна пачала займацца інсітным мастацтвам і звярнула ўвагу на такі накірунак наіўнага мастацтва, як ”Маляванка“. Яна прыцягнула сваёй яркасцю і сакавітасцю фарбаў, прастатой і душэўнасцю, гармоніяй і прыгажосцю. Маляваць ”маляванкi“ вучылася пры дапамозе літаратуры і старадаўніх размаляваных дываноў, якія знаходзяцца ў музейных фондах устаноў культуры Віцебскай вобласці, а таксама знойдзеных у ходзе этнаграфічных экспедыцый на тэрыторыі Лёзненскага раёна. Так, напрыклад, самая першая праца – ”Царская сям’я“ была зроблена па старадаўняй фатаграфіі, знойдзенай у архівах Віцебшчыны. Для работ майстра характэрна спалучэнне раслінных узораў і казачных сюжэтаў з жывёламі, птушкамі, прыроднымі з’явамі, народнымі легендамі. У сваiх працах выкарыстоўвае трафарэтны спосаб і свабодны пэндзлiкавы роспіс. Адметнай рысай маляванак з’яўляецца выкарыстанне набойкi ў якасцi аздобы.
Старанна вывучала кнігу І.П.Фурмана ”Крашанiна“ (1925 г.), драўляныя формы (штампы), якія знаходзяцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, і ў 2014 годзе асвоіла тэхніку ручной набойкі на тканіне пры дапамозе штампаў. Мужам, Ильюшкiным А.А., па ўласных эскiзах Жанны Уладзiмiраўны, былі выраблены каля 50 штампаў, з дапамогай якіх яна робiць розныя рэчы: торбы, шалi, хусткі, абрусы, сурвэткі, дарожкі. З мэтай адраджэння Вiцебскай набойкi праводзіць навучальныя курсы, майстар-класы па набіванцы.
Iльюшкiна Ж.У. з’яўляецца пастаянным удзельнікам фестываляў, святаў і кірмашоў народных рамёстваў, выстаў на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Напрыклад, у 2014 годзе прыняла ўдзел у міжнародным свяце-конкурсе майстроў традыцыйнага сучаснага мастацкага роспісу ”Фарбы нябёсаў“ у рамках ХХIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, дзе заняла I месца ў намінацыі ”Роспіс па тканіне (маляванка)“. У гэтым жа годзе стала членам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
Актыўна ўдзельнічае ў розных выставах: IV Нацыянальнай выставе наіўнага мастацтва ”Insita – 2012“, прысвечанай 125-годдзю М.Шагала (г.Віцебск); V Нацыянальнай выставе наіўнага мастацтва ”Insita – 2016“, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння Алены Кіш; VI Нацыянальнай выставе наіўнага мастацтва ”INSITUS – 2020“, прысвечанай 380-годдзю Васiля Кораня, стваральнiка бiблii ў карцiнках для народа; удзельнiчала ў першым абласным пленэры па маляванцы ”Райскi сад – 2019“ (г.Глубокае); ”Маляваныя гiсторыi“ (г.Віцебск, ”Культурна-гiстарычны комплекс ”Залатое кола г.Віцебска Дзвіна“, 2021 г.), ”Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданнi i казкi Вiцебшчыны ў беларускiх маляваных дыванах“ (г.Мiнск, 2021 г.), ”Зоры–Заранiцы“ ў межах III Міжнароднага фестывалю ”Тэкстыльны букет“ (г.Мiнск, 2021 г.), ”Жывыя крынiцы“ (г.Мiнск, 2022 г.) і інш.
А таксама майстар праводзіць персанальныя выставы: ”Суквецце фарбаў“ (г.Віцебск, 2017 г.), ”Лёзненскія ўзоры“ (г.Мінск, 2017 г.), ”Маляваныя сны“ (г.Віцебск, 2018, 2019 гг.), ”Райскi сад“ (г.Лёзна, 2023 г.).
У 2021 годзе атрымала статус народнага майстра Беларусi.


