1960 г.н. в. Шуняўцы, Глыбоцкі р-н., Віцебская вобл. |
Ермаловіч Марыя Вячаславаўна саломапляценнем пачала цікавіцца з 1992 года. У 1995 г. прыйшла працаваць ў Глыбоцкі Дом рамёстваў, дзе пазнаёмілася з аплікацыяй саломкай, а першыя ўрокі па аплікацыі атрымала ад майстра Дар’і Ананьеўны Бельскай. Марыя Вячаславаўна пачала рабіць дэкаратыўныя пано па матывах маляваных дываноў Язэпа Драздовіча, а таксама з кветкавымі і сюжэтнымі кампазіцыямі. З гэтага ж часу стала больш дасканала вывучаць саломапляценне на Глыбоччыне. Пачала рабіць з саломкі цацкі: птушачак, конікаў, баранчыкаў, вырабляла саламяных павукоў. Падчас экспедыцый у вёскі Новыя Шарабаі, Стырыя Шарабаі, Карабы, Зарубіна па вусных апісаннях мясцовых жыхароў аднавіла тэхналогію вырабу саламяных падвясных птушак “галубкоў”. Асаблівасцям вырабу капелюшоў Марыя Вячаславаўна вучылася ад Алены Альбінаўны Сініцы (1924 г.н.), носьбіта рамяства саломапляцення, жыхаркі г.Глыбокае.
Ермаловіч Марыя Вячаславаўна з 2001 года з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, у красавіку 2011 года майстру прысвоена званне “Народны майстар Беларусі”. З мэтай навучання рамяства саломапляцення акрамя заняткаў у Глыбоцкім Доме рамёстваў Марыя Вячаславаўна праводзіла ўрокі народнай творчасці ў Запрудскім Доме фальклору, праводзіла майстар-класы па рамяству на раённым свяце “Квітней, Глыбоччына!” і Міжнародным свяце “Вішнёвы фестываль”, для ўдзельнікаў Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”; для ўдзельнікаў праекта “Уладар сяла”; на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску; у рамках святкавання 1150-годдзя горада Полацка; у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”; у рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства і друку ў Глыбокім. Вельмі ганарова для майстра было ўдзельнічаць у ІІ латышска-беларускім форуме гарадоў-пабрацімаў, які праходзіў у г. Даўгаўпілс.
За перыяд работы майстрам створана вялікая калекцыя вырабаў: галаўныя ўборы, саламяныя лялькі, саламяныя цацкі, тэматычныя кампазіцыі, дэкаратыўныя пано. Зараз Марыя Вячаславаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку.