Даргель Наталля Эдуардаўна

Даргель Наталля Эдуардаўна
г. Міёры, Віцебская вобласць
1973 г.н.

Наталля Эдуардаўна Даргель нарадзілася ў 1973 годзе. У 1995 годзе скончыла ДУА ”Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава“ па спецыяльнасці ”чарчэнне, выяўленчае мастацтва і працоўнае навучанне“. З 1996 года працуе настаўнікам у ДУА ”Міёрская дзіцячая школа мастацтваў“.
У дзяцінстве Наталля Эдуардаўна часта была ў гасцях у бабулі, інтэр’ер якой аздаблялі маляваныя дываны. Успаміны тых часоў ляглі яркімі фарбамі на палатно пасля праходжання курсаў ”Мастацкі роспіс“ у Віцебскім абласным цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры.
Майстра натхняюць на творчасць работы мясцовых мастакоў – Марыі Міхайлаўны Гарноўскай і Міхала Іосіфавіча Марозька, маляваныя дываны якіх адрозніваюцца яркім каларытам і насычанасцю у кветкавай кампазіцыі разнастайных птушак.
Маляваныя дываны майстра народных мастацкіх рамёстваў Наталлі Эдуардаўны напоўнены яркімі фарбамі, кветкавымі матывамі, расліннымі арнаментамі, багата прадстаўлены свет жывёл і птушак. Традыцыйныя матывы ажываюць у сучаснасці на вырабах– дыванах, макатках, сурвэтках, эка-сумках.
На працягу ўсяго перыяда работы Наталля Эдуардаўна вядзе актыўную выставачную дзейнасць: рэгулярнымі з’яўляюцца акадэмічныя выставы вучняў у школе мастацтваў, тэматычныя выставы творчых работ у дзіцячай бібліятэцы г.Міёры, выяздныя выставы навучэнцаў у гг.Верхнядзвінск, Паставы, Віцебск, Мінск.
Майстар народных мастацкіх рамёстваў прымае актыўны ўдзел у рабоце клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў ”Святліца“. На гарадскіх, раённых, абласных выставах, свята-конкурсах творчымі работамі захапляюцца не толькі наведвальнікі, але і іншыя майстры.