Беларускае мастацтва выцінанкі

Мастацтва выцінанкі – традыцыйны беларускі від творчасці, які дасягнуў высокага мастацкага ўзроўню. Выразанне ажурных узораў з белай і каляровай паперы фарміравалася як адзін з відаў народнага мастацтва. У народным побыце беларусаў гэты від творчасці стаў распаўсюджаны ў сярэдзіне ХІХ ст.

На сённяшні дзень мастацтва выцінанкі Віцебскай вобласці вельмі разнастайнае і багатае па сваіх формах. У ім прысутнічае поўны асартымент усіх магчымых вырабаў у гэтай тэхніцы:

— побытавыя фіранкі, сурвэткі, вугалкі, падузорнікі;

— сюжэты на традыцыйныя тэмы – букеты, кветкі ў вазонах, гірлянды, Дрэвы жыцця, птушкі і інш., якія выкарыстоўваюццца для афармлення аконных рам, пано;

— кампазіцыі на сюжэты з увядзеннем антрапаморфных і архітэктурных выяў, народных святаў і абрадаў, духоўных тэм;

— сілуэтная выразка;

— станкавыя кампазіцыі;

— аб’ёмныя работы – птушкі, паштоўкі, ліхтары, зоркі і інш.

Беларускае мастацтва выцінанкі мае наступныя адметныя вартасці:

1) Мастацкія:

— рытмічнае паўтарэнне элементаў арнамента, іх раўнамернае сіметрычнае размяшчэнне на плоскасці круга, квадрата або прамавугольніка, што стварае прыгожы малюнак і цэльную кампазіцыю;

— традыцыйнае для беларускіх майстроў “Дрэва жыцця” выступае і як самастойны твор, і як цэнтральны матыў дэкаратыўнай кампазіцыі.

— складанасць і вытанчанасць формаў, ажурны ўзор з’яднаны ў непаўторным адзінстве.

2) Духоўныя:

— пераемнасць традыцый;

— непарыўная сувязь з жыццёвымі абставінамі майстроў, прымацаванасць творчасці да роднага краю.

Дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” праводзіць абласныя святы-конкурсы па выцінанцы (2002, 2012, 2019 гг.) і шырока папулярызуе дадзены від творчасці. У 2003 годзе сумесна з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава выдадзены вучэбны дапаможнік “Ажурные вырезки из бумаги”. У 2009 годзе – метадычны зборнік “Жить, чтобы творить”, прысвечаны майстру выцінанкі Таццяне Лабуновай. У 2012 годзе выдадзены буклет-каталог па выніках абласнога свята-конкурсу майстроў выцінанкі “Ажурныя мары” ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Праводзяцца персанальныя выставы

майстроў народных мастацкіх рамёстваў па выцінанцы. Існуе намінацыя “папяровая выразка” на абласных выставах-конкурсах.

Дадзены від творчасці ў Віцебскай вобласці прадстаўляюць 20 майстроў з Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Полацкага, Сенненскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў і гарадоў Віцебск і Наваполацк.