Агель Раіса Уладзіміраўна

Агель Раіса Уладзіміраўна
1971 г.н.
г.Чашнікі, Віцебская вобласць

Агель Раіса Уладзіміраўна нарадзілася ў 1971 г у г. Чашнікі Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум па спецыяльнасці ”тэхнік-тэхнолаг“, ”майстар вытворчага навучання“.

Працуе метадыстам па ткацтве, а таксама з’яўляецца кіраўніком гуртка ”Выцінанка“ ў Чашніцкім Доме рамёстваў.

Майстар валодае такімі відамі народнай творчасці як ткацтва, вязанне кручком, саломапляценне, выцінанка, мастацкая вышыўка. Найбольш прывабны від творчасці майстра – ткацтва на кроснах. У гэтым відзе творчасці майстар народных мастацкіх рамёстваў Раіса Уладзіміраўна выкарыстоўвае розныя тэхнікі: бранае, выбарнае, ажурнае. Для фонду Дома рамёстваў майстар стварыла калекцыю ручнікоў, тканых дарожак, а таксама калекцыю тканага адзення, мужчынскага і жаночага касцюма. У планах майстра народных мастацкіх рамёстваў стварыць поўны камплект адзення кожнаму члену калектыву Дома рамёстваў, абапіраючыся на традыцыі Чашніцкага рэгіёна.

Майстар актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, ні адна раённая і абласная выстава не абыходзіцца без яе работ. На абласным свяце-конкурсе майстроў ”Палатняныя пераплеты“ ў намінацыі ”Творчы дэбют“ заняла ІІ месца. На свяце-конкурсе ”Сцяжкі майстэрства“ для ўдзелу ў намінацыі ”Аднаўленне лакальных адметнасцяў традыцыйнага строю рэгіёна“  правяла навукова-пошукавую работу па рэканструкцыі касцюма. Майстар выткала спадніцу і два фартуха да традыцыйнага строю Чашніцкага рэгіёна. На абласную выставу-конкурс народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ”Ручнік як лёс“ Раіса Уладзіміраўна прадастаўляла калекцыю ручнікоў у колькасці 12 асобнікаў, два з якіх – рэканструкцыя Чашніцкага ручніка, арыгіналы дадзеных ручнікоў былі знойдзены ў экспедыцыях па раёне. На абласной выставе-конкурсе народнага касцюма ”Сцяжкі майстэрства – 2017“ Раіса Уладзіміраўна прадастаўляла сумесную работу з Карабліной Аксанай Уладзіміраўнай. Гэта па-майстэрску выкананая рэканструкцыя зімовага жаночага паліто. Паліто было перададзена ў музей з в. Дубянцы Чашніцкага раёна. Узнагароджана дыпломам II ступені ў намінацыі ”За лепшую калекцыю фотаматэрыялаў па народнаму адзенню і яе інфармацыйнае суправаджэнне“  абласной краязнаўчай выставы-конкурсу ”Народнае адзенне Віцебшчыны“.