”Абрад ”Розгары“ ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці“

Арэал бытавання: аграгарадок Лукомль Лукомльскага сельскага Савета Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці

Абрад ”Розгары“ вядомы з ХVIII стагоддзя (гэта былі ўспаміны Феадосіі Іосіфаўны Дубіцкай 1838 г.н. – бабулі Дар’і Рыгораўны Дубіцкай, прабабулі Эмы Ягораўны Багатыровайі перадавалася ад пакалення да пакалення). Запісаны работнікамі метадычнага цэнтра, былым дырэктарам Лукомльскага сельскага Дома культуры Садоўскай Тамарай Барысаўнай, кіраўніком фальклорнага калектыву ”Вяскоўцы“ Багатыровай Эмай Ягораўнай у 1990 годзе ад жыхароў-носьбітаў вёскі Ротна Лукомльскага сельскага Савета Дубіцкай Наталлі Андрэеўны, 1914 года нараджэння і Старавойтавай Лідзіі Фёдараўны, 1932 года нараджэння.  Такім чынам, практыка элемента не перарывалася. Абрад бытаваў у в. Ротна да 2000 года ў дзесяці кіламетрах ад роднай вёсцы арганізатара і натхняльніка абраду Эмы Ягораўны Багатыровай. З 1990 фальклорны калектыў ”Вяскоўцы“ пачаў паралельна паказваць на сцэне Лукомльскага сельскага Дома культуры, з 1996 г. – па ўсім традыцыям, з 2000 г. – абрад быў перанесены ў аг. Лукомль. Традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне, а гэта значыць, што натуральным чынам сфарміравалася ўстойлівая сістэма яе пераемнасці.  Удзельнікамі абраду з’яўляюцца не толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення жыхароў Лукомля, але і іх дзеці і ўнукі, а таксама фальклорны калектываў “Вяскоўцы” (10 чалавек). Пераемнікаў налічваецца некалькі дзесяткаў чалавек. Абрад ”Розгары“ праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы ў панядзелак. Структура абраду: — збор выканаўцаў (носьбітаў), жыхароў вёскі розных узроставых і сацыяльных груп да заходу сонца; — паход да жытнёвага поля з адначасовым збіраннем рознай зеляніны (кветкі, галлё дрэў, перадусім бяроз, высокія травы); — зажынанне жытнёвага снапа і віццё вянка; — праходжанне праз вянок з пажаданнямі здароўя і багацця; з варожбамі для моладзі на суджанага; — провады вянка да могілак і ўшанаванне русалкі. Усе дзеянні падчас абраду суправаджаюцца мясцовымі песнямі. Напрыканцы абраду ўсе ўдзельнікі збіраюцца за адным сталом на вячэру. Абрад ”Розгары” з’яўляецца выразным фактарам фарміравання нацыянальнай і лакальнай ідэнтычнасці з падкрэсленым гонарам за сваю малую Радзіму і яе ўнікальную традыцыю; выяўляе адметнасць у структуры беларускай традыцыі (вянок фактычна сімвалічна замяшчае саму русалку як сезоннага духа ўрадлівасці і разам з тым адноснага за сферы замагілля); з’яўляецца аўтэнтычным з пункту гледжання паходжання і рэалізацыі, і нават прынесенасць з суседняй вёскі не перашкаджае прызнанню яго мясцовым і аўтэнтычным; уяўляе сабой добры прыклад фарміравання эстэтычнага густу моладзі ва ўмовах панавання масавай культуры.

Абрад “Розгары” аг. Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці заўважна вылучаецца на агульнаэтнічным фоне, ужо тым, што прадстаўляе паўночна-ўсходні тып беларускага Русальнага тыдня, характэрны для даволі абмежаванай тэрыторыі (Чашніцкі, усход Сенненскага, Лёзненскі, Дубровенскі р-ны Віцебскай вобласці). Тыпалагічна абрад працягвае іншыя русальныя праводныя рытуалы, характэрныя пераважна для Усходняго Палесся. Чашніцкія “Розыгры” захавалі абрадавую канстанту праводнага русальнага рытуалу абходнага тыпу, пашыранага ў паўднёва-ўсходніх раёнах Гомельшчыны, тут вытрыманы важкія і архаічныя элементы “класічных” абрадаў ”провадаў русалкі“.  Асобна варта спыніцца на падкрэслена жаночай форме чашніцкага абраду. Мужчыны далучаліся толькі на апошнім этапе, бралі ўдзел у застоллі. Асноўныя ж абрадавыя функцыі неслі жанчыны. Чашніцкія “Розгары” выяўна прадэманстравалі вельмі архаічны і сэнсава важкі элемент абходу двароў, на сёння даволі рэдукаваны ў палескім варыянце абраду. Удзельнікі працэсіі падыходзяць да кожнай хаты, асабліва да тых, гаспадыня адкуль не далучылася да шэсця, і спецыяльнай песняй выклікае яе на вуліцу. Ля падворкаў адбываўся вельмі важны для вяскоўцаў структурны элемент абраду – і ў сённяшні час асабліва – праходжання праз вянок з пажаданнямі здароўя і багацця.