Назва абрада паходзіць ад словазлучэння “аб адзін дзень”. Сама назва падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. Менавіта за адзін дзень ці за адну ноч вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Рабілі гэта, каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, засухі ці нават вайны.
На працягу ХІХ стагоддзя выраб абыдзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Выраблялі абыдзённік яшчэ і ў першай палове ХХ стагоддзя, асабліва падчас Другой сусветнай вайны. Паступова абрад гэты адыходзіць у нябыт і застаецца пераважна ў пасіўнай форме – ў памяці людзей.
У вёсцы Папшычы абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу і ператварыўся ў сталую практыку. Штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў па календары каталіцкай канфесіі (“Зялёныя свёнткі”) жыхары вёскі збіраюцца для здзяйснення абраду ля прыдарожнага крыжа. Абрад распачынаецца адмысловым спевам (“Królu nieba wysokiego”), пасля чаго разгортваецца адрэз палатна, ці, як яго называюць вяскоўцы “намётка”. На намётку кладуць грашовую ахвяру. Намётку праносяць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі, што заклікана паўплываць на іх здароўе і дабрабыт. Працэсія з разгорнутай намёткай (даўжыня тканіны прыкладна 6м.) накіроўваецца да капліцы на могілкі. Там адбываецца асвячэнне намёткі і яе ахвяраванне касцёлу. Усе вяскоўцы вераць у моц намёткі, у тое, што яна засцерагае ад хваробаў і рознай бяды іх родную вёску.