
Церашкова Ірына Міхайлаўна
1971 г.н.
г.п. Лёзна, Віцебская вобл.
Церашкова Ірына Міхайлаўна нарадзілася ў 1971 г. у г.п.Лёзна. З дзяцінства вельмі любіла маляваць, але не думала, што гэта захапленне стане яе працай. Па першай адукацыі вітражыст-афарміцель. З 2002 года пачала вывучаць і займацца адраджэннем маляваных дываноў на Лёзненшчыне. З 2002 па 2013 гг. – кіраўнік гуртка ”Маляванка“ пры Лёзненскім Доме рамёстваў.
У 2008 годзе праводзіла абласныя курсы па мастацкаму роспісу для супрацоўнікаў раённых Дамоў рамёстваў пры Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. У 2009 годзе ўвайшла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. У 2011 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыялізацыі ”народныя рамёствы“.
Актыўна прымае ўдзел у выстаўках і фестывалях народнага мастацтва абласнога і міжнароднага ўзроўня, з іх найбольш значныя: V Нацыянальная выстава наіўнага мастацтва ”INSITA – 2016“ (г.Віцебск); V Маскоўскі міжнародны фестываль наіўнага мастацтва ”Фэстнаіў – 2016“ (г.Масква); выстава ”Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах“ (г.Мінск, 2021 г.); ІІІ Міжнародны фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ”ТекСтыльны букет – 2021“ (г.Минск, 2021 г.); выстава ”А вы не з Віцебска?“, прысвечаная паэтыцы і паэзіі Марка Шагала (г.Віцебск, 2022 г.); рэспубліканская выстава народнай творчасці ”Жывыя крыніцы“ (г.Мінск, 2022 г.); VII Міжнародны фестываль наіўнага мастацтва ”Новы Дзень“ (г.Санкт-Пецярбург, 2023 г.); абласная выстава-конкурс інсітнага мастацтва ”Пад мірным небам“ (г.Віцебск, 2024 г.); выстава ”З Беларусі з любоўю“, прысвечаная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі (г.Санкт-Пецярбург, 2024 г.).
У 2021 годзе нададзены статус народнага майстра Беларусі.




