
Рымдзёнак Сяргей Леанідавіч
1972 г.н.
в. Германавічы, Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобл.
Рымдзёнак Сяргей Леанідавіч нарадзіўся ў 1972 годзе, скончыў у 1991 годзе Аршанскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці ”Выкладчык працы і чарчэння“.Сваю працоўную дзейнасць у галіне культуры пачаў у кастрычніку 1993 года на пасадзе навуковага супрацоўніка Германавіцкага музея культуры і побыту імя Я.Драздовіча. З 1997 года працуе загадчыкам Германавіцкага філіяла Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра рамёстваў, які ў 2008 годзе быў перайменаваны ў Дом ганчара. З 2001 года з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Жаданне авалодаць сакрэтамі ганчарства прывялі Сяргея Леанідавіча ў Германавіцкі Дом ганчара. Менавіта тут, на вырабленым уласнымі рукамі ганчарным крузе, пачаў майстраваць свае першыя гліняныя вырабы: талеркі, гарлачы, кубкі, дзіцячыя цацкі. Ён вядзе крапатлівую працу над удасканаленнем тэхнікі ганчарнай працы, збірае і вывучае матэрыялы па гісторыі гліняных вырабаў, характэрных для шаркаўшчынскай мясцовасці. Аднавіў мясцовыя формы этнаграфічнага посуду па артэфактах установы культуры ”Мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н.Драздовіча“.
З літаратуры засвоіў вобразы традыцыйных гліняных свістулек. У працы выкарыстоўвае мясцовую гліну, якая пасля абпалу дае тэракоту рудаватага колеру. Для вырабу дэкаратыўнай керамікі выкарыстоўвае палівы. Валодае тэхналогіяй чорназадымленай і абварной у малацэ керамікі. Для фармоўкі ганчарных вырабаў выкарыстоўвае ганчарны круг, зроблены па асабістаму эскізу, які прыводзіцца ў рух з дапамогай электрарухавіка. У керамічных вырабах майстра адчуваецца сапраўдны мастацкі густ, дасканаласць форм і любоў да справы.
З 2023 годза займаецца берасцянікамі, якія атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь ”Тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласці“.
Сяргей Леанідавіч перадае сваё майстэрства і ўменне дзецям – удзельнікам гурткоў Дома ганчара, разам з імі вывучае, адраджае і распаўсюджвае ганчарства.
Пастаянны ўдзельнік фестываляў, святаў і кірмашоў народных рамёстваў: выставы-кірмашу рамёстваў ”Горад майстроў“ у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, фестывалю народнай музыкі ”Звіняць цымбалы і гармонік“ у Паставах; XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Дня нацыянальных культур краін удзельнікаў ШАС ”За мир и созидание вместе с ШОС“ (г.Віцебск, 2024 г.); міжнароднага свята ”Вішнёвы фестываль“ (г.Глыбокае); выставы элементаў НКС ”Віцебшчына: гісторыя, традыцыі, спадчына“ ў межах фестывалю ”Беларусь – мая песня“ (г.Мінск); XV Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу ”Вясновы букет“ (г.Мінск); XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур (г.Гродна, 2024 г.); XXXII Рэспубліканскай выставы сучаснай народнай творчасці ”Калядныя ўзоры“ (г.Мінск); абласнога фестывалю-кірмашу ”Дажынкі – 2024“ (г.Полацк) і інш.
Майстар – пераможца абласных, рэспубліканскіх конкурсаў традыцыйнага мастацтва: лаўрэат абласной выставы народнага мастацтва ”Кругазварот“ у межах І фестывалю народнага мастацтва Беларусі ”Беларусь – мая песня“; лаўрэат І ступені ІІ Рэспубліканскага свята-конкурсу ганчарства ”Ганчарны круг – 2004“ (г.Мінск); лаўрэат І ступені ў намінацыі ”За захаванне мастацкіх традыцый беларускай керамікі“, лаўрэат ІІ ступені ў намінацыі ”Завысокі прафесіяналізм, майстэрства, мастацкі густ і асабісты ўклад у развіццё традыцыйнага ганчарства“ абласнога свята-конкурсу майстроў ганчарства ”Гліняны звон“ (г.Івянец, Мінская вобласць); лаўрэат ІІІ ступені ў намінацыі ”Народная цацка з керамікі“ абласной выставы-конкурсу народнай цацкі і лялькі ”Забава“ (г.Віцебск.); лаўрэат І ступені ў намінацыі ”Хатняя калекцыя“ конкурсу традыцыйнай свістулькі ”Салавейка – 2024“ у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“; лаўрэат І ступені ў намінацыі ”Народныя мастацкія рамёствы“ абласнога свята нацыянальных культур ”Нас з’яднала зямля Беларусі“ (г.Верхнядзвінск); лаўрэат І ступені ў намінацыі ”Лепшая хатняя калекцыя ганчарных вырабаў“ у межах Міжнароднага пленэру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ”Гліна спявае“ (г.п.Копысь, Аршанскі раён) і інш.
Рымдзёнак Сяргей Леанідавіч мае Падзяку Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, лаўрэат звання ”Чалавек года Шаркаўшчыны“, занесены на Дошку гонару Шаркаўшчынскага раёна.
З 2021 года нададзены статус народнага майстра Беларусі.

