Віцебскі жлоб – гэта адметны тып народнага батлеечнага тэатра, які спалучае ў сабе статычную лялечную панараму з рухомым тэатрам ценяў. Паказ батлейкі звязаны з нараджэннем Хрыста і адбываецца падчас Каляд. Жлобам (жолабам, жлобкам) у народзе называюць яслі для кармлення жывёл, у якіх паводле рэлігійнага падання ляжаў Хрыстос у час пакланення вешчуноў. Такі тып батлейкі быў пашыраны на Віцебшчыне і прылеглых тэрыторыях у 19 ст.
Батлейка “Віцебскі жлоб” – гэта лялечны тэатр, які сваёй пабудовай значна адрозніваецца ад звычайнага тыпу беларускай батлейкі тым, што спалучае як статычную частку, так і рухомую. Сам тэатр мае выгляд трохкупальнай царквы, якая стаіць на адмысловай лаве, і мае адну нішу, дзе знаходзяцца нерухомыя лялькі і тры нішы з рухомымі кружэлкамі, ў якіх перамяшчаюцца ценявыя фігуры. Дзеянне суправаджаецца песнямі і кантамі на тэму Раства. Сцэны, якія разыгрываюцца ў ім адносяцца да свята Божага Нараджэння, Калядаў. Таму перыяд паказаў вельмі кароткі, усяго два тыдні і доўжыцца ад Свята Раства да Свята Хрышчэння. Усю дзею выконвае батлейшчык, які запальвае свечы, запускае кружэлкі ў нішах і каменціруе дзеянне, а таксама гурт, які выконвае песенную частку. Дзея распачынаецца спевам “Зямля і неба”, падчас якой батлейшчык запальвае свечку ў першай нішы, дзе рухаюцца фігуркі валхвоў, якія ідуць пакланіцца нованароджанаму цару, другая ніша прадстаўляе сцэну “Уцёкі Святой Сям’і ў Егіпет”, трэцяя прадстаўляе Цара Ірада, які аддае загад войску знішчыць усіх немаўлят. І на заканчэнне спяваецца радасная частка. Батлейшчык запальвае свечкі каля нерухомых фігур у сярэднім ніжнім аддзеле, дзе паказана сцэна Божага Нараджэння, у жлобку ляжыць немаўлятка Хрыстос, поруч стаяць Язэп з Марыяй, Анёл, і адбываецца Хрыстаслаўленне. Спяваюцца песні і канты, якія праслаўляюць Раство. Уся дзея адбываецца у цемры і фігуркі, якія круцяцца ў нішах пры святле свечак, ствараюць магічны чароўны свет.
Традыцыйная батлейка “Віцебскі жлоб” дзейнічае сёння ў Наваполацку і Віцебску. Яе аднаўленне і распаўсюджанне адбылося дзякуючы наваполацкаму майстру Андрэю Рэцікаву, які вывучаў мясцовыя батлеечныя традыцыі працяглы час і ўвёў іх у практыку народнага тэатра лялек “КапялюШ”, якім кіруе з 1996 года. Пасля паспяховай прэзентацыі батлейкі ў 2016 годзе ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, адметны рэгіянальны батлеечны тэатр займеў прыхільнікаў у абласным цэнтры. Паслядоўнкамі наваполацкага майстра сталі творчыя калектывы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, якія зрабілі мастацкую рэканструкцую і ўзнавілі тэатр “Віцебскі жлоб”, а ў 2019 годзе вынікі даследавання гісторыка-культурных традыцый існавання батлейкі ў Віцебскім рэгіёне прадставілі на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”. Унікальная практыка аднаўлення ценявога батлеечнага тэатра, характэрнага для Віцебскага рэгіёна, была прадстаўлена у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь і на Міжнародным фестывалі батлеечных тэатраў “Нябёсы”.
Выраб і паказ батлейкі “Віцебскі жлоб” – неацэнны сродак далучэння да спадчыны, знаёмства з біблейскімі легендамі і іх народнай інтэрпрэтацыяй. Батлейка – гэта сінкрэтычны від мастацтва, які развівае самыя розныя здольнасці і цікавасць да рэжысёрскай, драматургічнай, музычнай, мастацкай, дызайнерскай дзейнасці, развівае сталярныя, шавецкія і іншыя ўменні, садзейнічае практыцы мовы, літаратуры, спеўнага і акцёрскага выканальніцтва. Спектаклі батлейкі “Віцебскі жлоб” выклікаюць вялікую цікавасць у мясцовых жыхароў, як сведчанне самабытнай мясцовай спадчыны, захаванне якой садзейнічае культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека.