Арэал бытавання: г.Орша, в.Гацькаўшчына Аршанскага раёна, г.п.Бешанковічы, г.Віцебск, пас.Акцябрскі Віцебскага раёна, г.Дуброўна, вёска Станіславова Дубровенскага раёна; в.Бабінавічы Лёзненскага раёна, г.Полацк, г.Сянно Віцебскай вобласці.
Традыцыйная гліняная народная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння з’яўляецца старажытным відам народнай культуры, які звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі крывічаў, засяляўшых вярхоўе рэк Днепр і Заходняя Дзвіна. Традыцыйная гліняная цацка захоўвае старажытную сімволіку, архаічныя пластычныя формы і спосабы вырабу, якія выпрацаваны агульным рамесным вопытам многіх пакаленняў. На працягу гістарычнага развіцця сакральная сімволіка цацак трансфармавалася. У вясковым асяродку гліняная цацка існавала ў сувязі з земляробчымі абрадамі вяснова-летняга цыклу, у мястэчках і гарадах цацка функцыянавала ў якасці забавы, ўспрымала новыя вобразы, звязаныя з тэмай кірмашу, матывамі гуляння, якія нясуць пачуццё еднасці гарадской грамады. У гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна гліняная народная цацка адыгравае значную ролю, бо выступае сродкам захавання культурнай памяці, этнакультурнай ідэнтычнасці і сродкам выхавання дзяцей. Традыцыйная гліняная цацка захоўвае мастацкія прынцыпы і тэхнікі лепкі. Свістулькі робяцца трыма метадамі: “на палец”, “на палачку” і спосабам “пельмень”. Традыцыйная свістулька робіцца з аднаго кавалка гліны, з якога выцягваюцца дробныя дэталі вобраза. Найбольш значным этапам лепкі з’яўляецца выраб свістка. Ён складаецца з трох элементаў: паветранай камеры, паветранага канала (па якім выдуваюць паветра) і язычка. Пры вырабе “на палачцы” паветраная камера (ўнутраная пустэча) атрымліваецца ўцісканнем палачкі ва ўжо зробленую форму. Лепка “на пальцы” робіцца вакол вялікага пальца, зробленае тулава здымаецца з пальца, адкрытая камера закатваецца і фарміруецца ў свісток. Пры лепцы спосабам “пельмень” кавалак гліны расцягваецца ў тонкую аладку, краі якой абмазываюцца шлікерам, спалучаюцца у форму “пельменя” і загладжваюцца. Носьбітамі элемента з’яўляюцца 8 майстроў: Аўчыннікава Алеся Іваноўна (1982 г.н., г.п. Бешанковічы), Аляксеева Вольга Сяргееўна (1969 г.н., г. Дуброўна), Варона Ірына Аляксандраўна (1964 г.н., г.п. Бабінавічы Лёзненскага р-на), Зяленская Кацярына Уладзіміраўна (1985 г.н., г.Полацк), Квашко Уладзімір Іванавіч (1967 г.н., г.Сянно,), Сарбаш Алеся Леанідаўна (1980 г.н., г.Віцебск), Чэрвінская Людміла Барысаўна (1959 г.н., в.Станіславова Дубровенскага раёна), Шынкарова Таццяна Васільеўна (1967 г.н. г.Орша). Пераемнікамі рамяства з’яўляюцца навучэнцы народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Дубрава” Дубровенскага Дома рамёстваў, гуртка “Кірамічная цацка” Бешанковіцкага Дома рамёстваў, гуртка па кераміцы Бабінавіцкага філіала Лёзненскага раённага Дома рамёстваў, студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Гарлачык” ДУК “Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур”, гуртка “Кераміка” Сенненскага Дома рамёстваў); гуртка па кераміцы Віцебскага раённага цэнтра рамёстваў “Адраджэнне”; гуртка па кераміцы Аршанскага Дома рамёстваў. Гліняную цацку Аршанскага Падняпроўя вырабляюць ў г.Орша, г. Дуброўна, в. Бабінавічы Лёзненскага р-на. Захавалася 16 тыпаў (вобразаў) традыцыйнай дубровенскай цацкі. Найбольш архаічнымі з’яўляюцца гетэраморфная свістулька птушкі (існуе 3 варыянты: птушка/гусь, птушка/певень; птушка/конь – спалучэнне галавы птушкі і тулава каня). Цацка “вершнік” мае 4 варыянты архаічнай формы: вершнік на кані; вершнік ў выглядзе абагуленай цыліндрычнай постаці на кані, вершнік на птушцы і вершнік на птушцы/кані. Свістулькі: “конік”, “баран”, “карова”, “сабака”, “жаўранак”, “качка”, “салавей” таксама маюць абагуленыя лаканічныя формы і належаць да вясковай традыцыі. Антрапаморфныя цацкі “баба з дзіцяці”, “дзед з унукам”, “лялька” (“дубровенка”), “лялька з немаўляці”, “гарманіст”, “хлопец”, “гаспадар з птушкай”, і сюжэтная цацка “пара” (кавалер і паня) не маюць свісткоў. Яны адносяцца да позняга этапу развіцця дробнай народнай пластыкі местачковага характару мяжы ХІХ-ХХ стст. Сваёй лакальнай назвай гэтыя цацкі абавязаны майстру Ганне Стэфаўне Марачовай (1887-1976), якая данесла да нас традыцыйныя вобразы і тэхналогію вырабу. Адраджэннем Дубровенскай цацкі займаюцца майстры Л.Ф.Чэрвінская, В.С.Аляксеева. Аршанская цацка (7 вобразаў) адноўлена паводле археалагічных артэфактаў: фрагмента цацкі/гаршчэчка “салавей” (раскоп ХІІІ ст.), фрагментаў цацкі “конь/птушка”, конь – фрагмент “вершніка”, “баранчык”, а таксама паводле этнаграфічных цацак канца ХІХ-пачату ХХ ст. “козлік”, “дзяўчына у шляпе” з в.Берасценава Аршанскага раёна. Цацка “вершнік на птушцы” адноўлены паводле цацкі Н.А.Камінскай з в.Дрыбін, якая знаходзіцца недалёка ад Аршанскага раёна. Пошукам і рэканструкцыяй традыцыйнай глінянай цацкі займаецца Т.У.Шынкарова. Бабінавіцкія цацкі (9 вобразаў), якія вырабляюцца на Лёзненшчыне, дэманструюць найбольш познія ўзоры развіцця ганчарнай традыцыі, якая трымалася да 1980-х гадоў. Вылучае бабінавіцкі паліваны посуд і цацкі ангобны роспіс, які рабіўся з дапамогай каровінага рогу з дзіркай на канцы. Ганчарны посуд і цацкі М.Ю. Арэхава (1928-1982) і І М.М.Траяноўскага (1927-1990) атрымалі прызнанне на рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах народнай творчасці. Асабліва папулярнымі былі графіны, бочачкі-барылкі з мядзвядзямі ў якасці пластычнага дэкору. Арына Рыжкова (1893-1945) ляпіла зааморфную свістульку: конікаў, птушак, свісцёлак са змеямі і птушкамі, гаршчочкі “салаўі”, якія напаўняліся вадой і імітавалі птушыныя гукі. М.Ю.Арэхаў і М.М.Траяноўскі надалі традыцыйнай свістульцы “вершнік” новую вобразнасць – пачалі ляпіць вайскоўцаў у пілотках, цыганоў і партызан з аўтаматамі за плячыма. Бабінавіцкія свістулькі адрозніваюцца наіўна-рэалістычным характарам вобраза, аднак формы засталіся традыцыйнымі: гэта вершнікі, птушкі на адной ножцы або без апоры, сычы з апорай на 2 нагі і хвост-свісток, свісцёлкі з вужамі, мядзведзямі, птушкамі. Усе згаданыя формы аднавіла і працягвае вырабляць І.А.Варона. Да традыцыйных вобразаў сенненскай цацкі адносяцца 7 свістулек: конік (2 варыянта з апорай тулава на 3 і 4 кропкі), баран, сабака, парсюк, жаўранак і паўлін. Сенненскія цацкі адрозніваюцца сваім архаічным выглядам, лаканічным выразным сілуэтам і спосабам заглажвання паверхні свістулек палатніком (тканінай) пасля яе лепкі. Жаўранак вылучаецца сціплай каронай-грабеньчыкам на галаве, паўлін мае каронку на галавае і крыху большую карону – хвост на тулаве. Арыгінальным з’яўляецца архаічны вобраз коніка на трох апорах тулава, а таксама вобраз свінкі са свістком у лычыку жывёлы. Дадзеныя вобразы ўласцівы для старажытнай сялянскай глінянай цацкі, звязаны з земляробчымі культамі славянаў. Сваёй мясцовай назвай гэтыя цацкі абавязаны апошняму носьбіту традыцыі, майстру Г.П.Глухараву (1932-1990), як нарадзіўся, жыў і працаваў ў вёсцы Папоўка Сенненскага раёна. Усе 7 вобразаў зараз прысутнічаюць ў асартыменце вырабаў Квашко У.І. Узоры адноўленых гліняных цацак (6 вобразаў) Бешанковіцкага раёна адпавядаюць археалагічнай цаццы сярэдзіны 16 ст. і этнаграфічным цацкам, якія былі шырока распаўсюджаны у другой палове 19 – першай палове 20 ст. У параўнанні са свістулькамі ішых рэгіёнаў яны вылучаюцца сваім ангобным дэкорам у выглядзе кропак і маленькіх плям, нанесеных метадам распырскавання альбо выбелеваннем асобных дэталяў. Унікальная антрапаморфная свісцёлка-бразготка з берага р.Зах.Дзвіна аг.Ула Бешанковіцкага раёна датуецца сярэдзінай 16 ст. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі захоўваецца фрагмент падобнай цацкі 17 ст. 5 традыцыйных цацак: “вершнік” і зааморфныя свісцёлкі канца 19 – пачатку 20 стст. (“баранчык”,”конік”, “конік з сядлом”, “вершнік”) знойдзены на сядзібах ганчароў у Бешанковічах. Гэтыя формы рэканструявала і шырока практыкуе кераміст Аўчыннікава А.І. На іх аснове зроблены стылізаваныя цацкі, якія пашыраюць тэматыку адпаведна літаратурным апісанням і ўспамінам старажылаў Бешанковіцкага раёна. 5 віцебскіх цацак (антрапаморфная цацка, вершнік, сабака, конь з сядлом, качка – 17 ст.) аднаўлены паводле археалагічных артэфактаў, знойдзеных падчас раскопаў Ніжняга замка (арх. Т.Бубенька) і раёна Задунаўя (арх. В.Ляўко). Сярод іх унікальная цацка, якая атрымала умоўную назву “малец” (мясцовая гаворка). Яна адметная лаканічнай пластыкай сваёй постаці, абрысы якой набліжаны да формы пентаграмы. Паказальнай з’яўляецца свістулька “конь з сядлом”, які апіраецца на 2 пярэднія нагі, а тулава пераходзе ў свісток. Свістулька “вершнік” адноўлена паводле знойдзенага артэфакта ў 2018 годзе на беразе рэчкі Вымнянка ў гарадскім пасёлку Янавічы. Тут ганчарнае рамяство існавала да 1940-1950-х гг., калі яшчэ працавала вядомая ганчарная дынастыя майстроў Разважных. Усе вытворчыя працэсы – ад нарыхтоўкі сыравіны да абпалу посуду — засноўваліся на сямейнай працы. Аднаўленнем віцебскіх традыцыйных цацак Займаецца Сарбаш А.Л. і Кавальчук Л.М. Полацкія цацкі (8 вобразаў) таксама адноўлены паводле музейных артэфактаў і археалагічных знаходак, апісанне якіх змешчана ў каталозе “Цацкі” [1]. Агульная колькасць знаходак – 93 адзінкі. Усе яны выяўлены на тэрыторыі Полацка: у цэнтральнай частцы горада, у Запалоцці і Задзвінні, тэрыторыі былога езуіцкага калегіума. Найбольш яркімі вобразамі з’яўляцца свістулькі “конік” у двух варыянтах: са спарынымі пярэднімі нагамі і на растаўленых нагах з выцягнутай дугой шыяй. Рэдкім узорам народнай смехавай культуры з’яўляецца цацка “камедыянт” Колькасць знаходак увесь час павялічваецца. У 2018 г. Верташонак А.С. знайшоў на тэрыторыі Верхняга замка свістульку-гаршочак “салавей” ХVІІ-ХІХ стст. Калекцыю адноўленых цацак складаюць: “вершнік”, “камедыянт” “баранчык”, ”конік”, “конік з сядлом”,”качка”, “салавей”, свісцёлка-дудачка з птушкай. Характэрнай асаблівасцю полацкіх цацак з’яўляецца ангобны роспіс, які мае канструктыўна-дэкаратыўны характар. Рэканструкцыяй полацкай цацкі займаецца Зяленская К.У.
Гліняная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння (Аршанскага, Бешанковіцкага, Віцебскага, Дубровенскага, Лёзненскага, Полацкага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці), як і іншыя цацкі Беларусі, у параўнанні з цацкамі суседніх народаў (рускага, украінскага) вылучаецца сваёй архаікай, дамінаваннем пластычнага пачатку над дэкаратыўна-жывапісным. Выразная пластыка і лаканічны сілуэт падкрэслівае сціслую сувязь глінянай цацкі з ганчарствам, надае ёй манументальнасць.