НАРОДНЫ ГУРТ АЎТЭНТЫЧНАЙ ПЕСНІ

філіяла №11 “Андронаўскі сельскі клуб
ДУК “Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна“

Народны фальклорны калектыў Андронаўскага СК быў створаны ў 1986 годзе як гурт аўтэнтычнай песні. Да 2019 года  кіраўніком з’яўлялася Ніна Фёдараўна Буйла. З 2022 года калектывам кіруе Шымковіч Алена Мікалаеўна, якая прадоўжыла лепшыя традыцыі і зберажэнне багатай песеннай спадчыны Пастаўшчыны.

У чэрвені 2007 г. за высокае выканальніцкае майстэрства, развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь калектыву было прысвоена найменне “народны аматарскі калектыў”.

Калектыў налічвае 15 удзельнікаў – гэта носьбіты і аматары народнай песні, якія разам спяваюць, праводзяць свой вольны час, адзначаюць падзеі асабістага жыцця. Большасць удзельніц гэтага калектыву родам з вёсак Андроны і Рабекі, якія знаходзяцца побач. Таму яго рэпертуар складаецца з аўтэнтычных спеваў гэтай мясцовасці. Старэйшыя ўдзельніцы – сапраўдныя знаўцы мясцовых звычаяў, абрадаў, размоўнага і гульнёвага фальклору. Зладжана, у яркай аўтэнтычнай манеры гучаць у іх выкананні сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя песні. Калектыў з’яўляецца пастаянным ўдзельнікам масавых мерапрыемстваў ва ўстанове культуры, святаў навакольных вёсак, раённых і абласных мерапрыемстваў.  Шчыра і велічна праводзяцца ўдзельніцамі абрады Зажынак і Дажынак па народных традыцыях з віншаваннем працаўнікоў сяла на палявых станах.

Песні Пастаўшчыны ў выкананні андронаўскіх жанчын былі запісаны на Беларускім радыё, а “Андронаўскія вячоркі” паказваліся на абласным тэлебачанні. На абласных аглядах традыцыйнага мастацтва Віцебшчыны гурт высока адзначаўся спецыялістамі і неаднаразова атрымліваў узнагароды.

Аўдыёзапісы андронаўскіх песень захоўваюцца ў фальклорным архіве Пастаўскага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Звесткі аб гэтым калектыве ўнесены ў гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць. Пастаўскі раён”. Абрадавыя песні гурта запісаны на аўдыёдыск. Навукоўцы, якія займаюцца вывучэннем народнай спадчыны, – частыя госці ў Андронах. Народны фальклорны калектыў Андронаўскага сельскага клуба паспяхова папулярызуе народнае мастацтва Пастаўшчыны, адраджае народныя традыцыі, захоўвае культурную спадчыну, далучае дзяцей і моладзь да фальклору, навучае мясцовай манеры песеннага выканальніцтва маладзейшых аматараў народнай песні, вядзе канцэртную дзейнасць. Амаль усе мерапрыемствы калектыву афармляюцца выставамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўдзельніц. Папаўняецца альбом работы гурта відэа- і фотаздымкамі, друкаванымі матэрыяламі, вядзецца яго летапіс.