
Максімаў Фёдар Лазаравіч
1914-2006 г.ж.
г. Віцебск
Нарадзіўся на хутары пад Віцебскам. У 1960-х гадах працаваўу цэху сувенірнай вытворчасці ПА “Хімпласт”, дзе стаў рабіць вырабы з аргшкла, дрэва, гіпса, мармура. У 1969 годзе напісаў першую карціну. З 1983 года Максімаў прымаў актыўны ўдзел у выставах народнай творчасці. З’яўляецца Лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці (1984-1985), ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987), Рэспубліканскай выставы народнага мастацтва (1989), І і ІІ Нацыянальнай выстаўкі інсітнага мастацтва (1994, 2000), І Фестывалю народнага мастацтва Беларусі “Беларусь – мая песня” (1998). У 1992 годзе выйшаў кароткаметражны фільм “Майстар з Віцебска” (студыя “Белвідэацэнтр”). У 1997 годзе майстар прыняў удзелу Міжнароднай выставе “Insita-97” (Браціслава, Славакія). Работы Ф.Л.Максімава знаходзяцца ў фондах ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”, “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь”, Музеі народнага мастацтва ў Атрэнбусах (Польшча), Дзяржаўным музеі-запаведніку “Царыцына” (Расія), Расійскага Дзяржаўнага Дома народнай творчасці (Масква).
Большасць твораў Максімава нясуць народны вобраз ідылічнага, казачнага свету. Жыццё на хутары сярод прыроды, побыт вяскоўца, фальклорныя і гратэскна-сатырычныя матывы – вось кола традыцыйных тэмаў творчасці мастака. Вялікая колькасць работ майстра мае гістарычную праблематыку. У іх аўтар распрацоўвае вобраз ідэалізаванага народнага героя. Гэта франтальна выяўленыя постаці з уласцівай ідэаграфічнасцю формы. Майстар увасабляе ў аб’ёме першасныя ідэаграмы, плоскасныя і схематызаваныя. Скульптуры “Усяслаў Полацкі”, “Ефрасіння Полацкая”, “Язэп Драздовіч”, “Андрэй Рублёў” – дэманструюць узоры народнай рэдукцыі партрэтнай іканаграфі ідзеячоў гісторыі і культуры. У работах творцы выразна выяўляецца народнае мысленне. Апавядальны сюжэт спалучаецца з умоўнасцю ідэаграфічных вобразаў.
Апошнія работы Максімава адзначаны выпавядальнасцю і пачуццём замірэння з лёсам. Іх тэматыка рэлігійна-духоўная. Гэта шматлікія анёлы з кветкамі, крыжамі, трубамі. “Укленчаная”, “Анёлы над Успенскім саборам”, “Трубячыя анёлы”, “Крыж Ефрасінні” – работы, якія ўносяць у творчасць майстра рысы прароцтва.
У 2001 годзе прысвоена званне “Народны майстар Беларусі”.
У 2002 годзе ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” была выдадзена кніга “Хведар Максімаў” аб жыцці і творчасці майстра.
Творчасць Фёдара Лазаравіча – узор адметнага мастакоўскага бачання свету. Жыццёвы шлях майстра прайшоў праз жахі і пакуты ХХ стагоддзя, яго творчы шлях – праз іх пераадоленне і ачышчэнне трагедыяй, праз катарсіс.




