
Залатуха Святлана Мікалаеўна
1973 г.н.
г. Лепель, Віцебская вобл.
Залатуха Святлана Мікалаеўна нарадзілася ў 1973 г. ў в.Стаі Лепельскага раёна, скончыла СПТВ №175 г.Лепеля па спецыяльнасці ”прадавец“.З 2006 года пачала працаваць у Лепельскім Цэнтры рамёстваў метадыстам-майстрам па ткацтву на кроснах. З 2020 года працуе майстрам народных рамёстваў.
Святлана Мікалаеўна валодае рознымі прыёмамі тэхнікі ткацтва па мясцовых традыцыях і аўтэнтычных узорах. Многія з гэтых тэхнік яна пераняла ад сваей цёткі Кацярыны Смажэўскай, якая стаяла ля вытокаў адраджэння ткацтва на Лепельшчыне. Маючы такую моцную аўтэнтычную сувязь з мясцовымі майстрамі, Святлана самастойна паспяхова засвойвае вопыт папярэднікаў, інтуітыўна адчуваючы гармонію матэрыялу, тэхнікі, фактуры і колеру пры стварэнні сучаснай рэчы па ўзоры лепшых мясцовых артэфактаў тэкстылю.
Святлана Мікалаеўна займаецца адраджэннем такіх тэхнік ткацтва, як падвоенае, пераборнае, закладанае і іншыя. Робіць рэканструкцыю посцілак у тэхніцы ”аднабаковы перабор“ (у 2021 годзе гэтай тэхніцы наданы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, як традыцыйнаму віду ткацтва на Лепельшчыне). Майстар мае вялікую калекцыю вырабаў, створаных па рэштках артэфактаў, знойдзеных падчас экпедыцый па Лепельскім раёне.
Святлана штогод уносіць свой уклад у павелічэнне калекцыі адзення Цэнтра рамёстваў ”Белая Русь“, якая зараз налічвае больш за 40 строяў розных рэгіёнаў нашай краіны і бліжэйшага памежжа. Таксама яна працуе над папаўненнем калекцыі ”Беларускі ручнік“. У пастаяннай экспазіцыі Цэнтра рамёстваў можна бачыць ручнікі з гэтай калекцыі, выкананыя ў разнастайных тэхніках ткацтва.
Сваю практычную дзейнасць Святлана Мікалаеўна адлюстроўвае ў метадычных распрацоўках па ткацтву на кроснах. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваліся падчас выдання навукова-папулярных выданняў ”Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны“ і ”Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны“. Мастацкія каштоўнасці, створаныя Святланай Мікалаеўнай, з’яўляюцца працягам народных традыцый, вынікам мастацкага мыслення, уласцівага традыцыйнай народнай культуры, адлюстраваннем беларускай нацыянальнай ментальнасці.
Акрамя ткацтва Святлана валодае навыкамі вязання кручком і вышыўкі ў розных тэхніках. Пераняць яе майстэрства можна на занятках дзіцячых гурткоў і на майстар-класах. Яе майстар-класы таксама можна знайсці і на розных інтэрнэт-пляцоўках.
Пацвярджэннем таленту майстра служыць шэраг узнагарод: гран-пры ў складзе творчага калектыву ДУК ”Лепельскі Цэнтр рамёстваў“ у свяце ”Лёзненскі кірмаш рамёстваў“ (г.Лёзна, 2020 г.); першае месца ў складзе творчага калектыву ДУК ”Лепельскі Цэнтр рамёстваў“ у XII Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы мастацкіх рамёстваў ”Вясновы букет“ (г.Мінск, 2021 г.); дыплом I ступені ў абласной выставе-конкурсе па рэгіянальнаму інтэр’ернаму тэкстылю Віцебшчыны ”У роднай хатцы ў калысцы, на палацях, на ложку (коўдры, покрыўкі, посцілкі, накідкі, падзоры, падушачкі-думачкі і інш.)“ у намінацыі ”Лепшая рэпліка ўнікальнага мясцовага артэфакта“ (г.Віцебск, 2023 г.); дыплом I ступені ў абласной выставе-конкурсе па вясковаму і местачковаму інтэр’ернаму тэкстылю Віцебшчыны ”У роднай хатцы на падлозе: ходнікі, дарожкі, дыванкі“ ў намінацыі ”Лепшы аўтарскі твор, выраблены ў тэхніцы ручнога ўзорыстага ткацтва на кроснах (дарожка)“ (Віцебск, 2023 г.); дыплом за развіццё і папулярызацыю тэкстыльных традыцый у абласным свяце-конкурсе майстроў вышыўкі і карункапляцення ”Чароўная нітка – 2023“ у рамках XXXII Міжнароднага фестывалю ”Славянскі базар у Віцебску“ (г.Віцебск, 2023 г.); падзяка Пскоўскага абласнога цэнтра народнай творчасці за зберажэнне традыцыйнай культуры і ўдзел у выставе работ народных мастацкіх рамёстваў ”Витебский венок“ у Пскоўскай вобласці (г.Пскоў, 2024 г.) і інш.
У 2020 годзе атрымала статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.





