Азарава Таццяна Валер’еўна

Азарава Таццяна Валер’еўна
1980 г.н.
г. Орша, Віцебская вобл.

Азарава Таццяна Валер’еўна нарадзілася ў г.Орша Віцебскай вобласці ў 1980 годзе. У 1998 годзе атрымала першую адукацыю ў Аршанскім ліцэі лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці ”вытворца мастацкіх вырабаў з лазы“. У 2016 годзе скончыла ўстанову адукацыі ”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“ з кваліфікацыяй ”спецыяліст па сацыяльнай рабоце“. У 2023 годзе прайшла павышэнне кваліфікацыі па тэме ”Захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый, народных мастацкіх рамёстваў (промыслаў)“ у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі ”Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў“.

Таццяна Валер’еўна з юнацтва захаплялася плеценымі вырабамі з лазы і вельмі жадала навучыцца гэтаму рамяству, таму здзейсніла сваю мару – стала майстрам па лозапляценні.

У 1998–2007 гадах працавала майстрам вытворчага навучання і кіраўніком гуртка па лозапляценні ва ўстанове адукацыі ”Аршанскі ліцэй лёгкай прамысловасці“. У 2008–2013 гадах з’яўлялася кіраўніком гуртка па лозапляценні ў Доме рамёстваў г.Дуброўна.

З 2014 года працуе майстрам народных мастацкіх рамёстваў філіяла ”Аршанскі Дом рамёстваў“ ДУК ”Гарадскі Палац культуры і творчасці ”Орша“, з’яўляецца ўдзельнікам народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Натхненне“.

Азарава Таццяна Валер’еўна – таленавіты майстар, валодае  шматлікімі тэхнікамі пляцення, вядомымі ў Беларусі, а таксама на іх аснове распрацоўвае аўтарскія вырабы. Захоўвае традыцыйныя тэхналогіі стварэння вырабаў з лазы ўтылітарнага прызначэння і развівае дэкаратыўны напрамак творчасці ў адпаведнасці з традыцыямі і аўтарскім поглядам (кошыкі, фруктоўніцы, сухарніцы, часнычніцы, пано, абажуры, вазы, лапці, разнастайныя корабы, арт-аб’екты, міні-формы і скульптуры, цацкі і сумкі). Вырабы з лазы эстэтычна выглядаюць у сучасным інтэр’еры. Майстар займаецца распрацоўкай новых тэхналогій і выкарыстоўвае ў сваіх творах камбінацыі пляцення з лазы і іншых прыродных матэрыялаў: рагоз, лыка, мачала, кара, кукуруза і інш.

Майстар прымае ўдзел у шматлікіх абласных і гарадскіх выставах, міжнародных фестывалях і кірмашах: атрымала дыплом I ступені на свяце-конкурсе ”Лазовы прут“ у межах ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску – 2016“; уладальнік Гран-пры ў намінацыі ”Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва“ Міжнароднага фестывалю-конкурсу сучаснага мастацтва і крэатыўнай творчасці ”Апельсиновая берёза“ (г.Орша, 2016 г.); дыплом у намінацыі ”За творчае ўвасабленне вобраза птушак у мастацкай традыцыі“ на абласной інтэрактыўнай выставе-конкурсе мастацкіх вырабаў ”Птушыны перапалох“ у межах экалагічнага свята ”Жураўлі і журавіны Міёрскага краю“ (г.Міёры, 2022 г.); грамата за добрасумленную працу ў галіне культуры і высокі прафесійны ўзровень ад Аршанскага райвыканкама (2022 г.); дыплом І ступені ў намінацыі ”Лепшая хатняя калекцыя“ на V Міжнародным свяце-конкурсе майстроў народных мастацкіх рамёстваў па лозапляценні ”Лазовы прут“ у межах ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2023 г.); падзяка за плённае супрацоўніцтва і ўдзел у выставе ”30 гадоў у рамястве“, прысвечанай 30-годдзю дзейнасці ДУК ”Аршанскі Дом рамёстваў“ (2023 г.); падзяка за плённую працу ў справе захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Аршаншчыны (2024 г.); сертыфікат за ўдзел у абласным пленэры па лозапляценні ”Лазовы прут“ у межах Міжнароднага свята ”Вішнёвы фестываль“ (г.Глыбокае, 2025 г.); падзяка за ўдзел у майстар-класах па лозапляценні ў межах Міжнароднага форума здаровага ладу жыцця ІІІ Рэспубліканскай спецыялізаванай выставы-кірмашу ”Выдатна жывеш“ (г.Мінск, 2025 г.).

Творчая дзейнасць Таццяны Валер’еўны спрыяе папулярызацыі нацыянальнай культуры і яе захаванню для будучых пакаленняў, выхаванню беражлівага стаўлення да народнай творчасці і яе развіццю на сучасным этапе. Мае пераемнікаў і прадаўжальнікаў традыцыі лозапляцення, якім дэманструе этнічныя традыцыі і развівае іх творчыя здольнасці.

У 2026 годзе нададзены статус народнага майстра Беларусі.

Член  грамадскага аб’яднання ”Беларускі саюз майстроў народнай творчасці“.