Выстава традыцыйнага жаночага строю Віцебшчыны, прысвечаная году беларускай жанчыны ў рамках ушанавання лаўрэатаў ганаровага звання «Человек года Витебщины». Мастацкая спадчына народнага традыцыйнага адзення з’яўляецца неад’емнай часткай духоўных здабыткаў нацыі.
У традыцыйным адзенні ўвасабляюцца эстэтычныя густы і погляды, рэлігійныя вераванні народа. На выставе прадстаўлена калекцыя традыцыйных жаночых касцюмаў Віцебшчыны.
Найбольш распаўсюджаны колер адзення на Віцебшчыне – светлы (белы). Жаночае адзенне разнастайнае – спадніцы, сарафаны, узорныя саяны, андаракі, фартухі, кашулі, камізэлькі. Агульную архітэктоніку народнага строю вызначае свабодны просты крой. З пачатку ХХ ст. у народным тэкстылі, у тым ліку і ў строях, пачала актыўна распаўсюджвацца вышыўка крыжам, разам з якой з’явіліся стылізаваныя раслінныя матывы і дадаткова да чырвонага пачаў актыўна дадавацца чорны колер. Важнае месца ў нашым рэгіёне займала традыцыя набойкі, у якой дамінаваў сіні колер. Акрамя вышыўкі, упрыгожвалі адзенне карункамі, мярэжкамі. Да традыцыйнага жаночага строю дадаваліся галаўныя ўборы (каруны, наміткі, вянцы, сарокі, касынкі, фаты, чапцы), упрыгожванні (каралі, пацеркі, завушніцы, падвесы), сумачкі, капшукі, паясы і інш.
Вялікая работа па вывучэнні і рэканструкцыі традыцыйнага адзення праведзена ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, дамамі (цэнтрамі) рамёстваў Віцебскай вобласці: арганізавана і праведзена свята-конкурс майстроў ткацтва “Палатняныя пераплёты” ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” (2013 г., 2022 г.); абласная этнаграфічна-краязнаўчая выстава “Народнае адзенне Віцебшчыны” (г.Віцебск, 2017 г.); свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства” (г.Сянно, 2015 г.; г.Віцебск, 2016 г., 2022 г.); абласное свята-конкурс “Чароўная нітка” (г.Віцебск, 2018 г., 2023 г.) і інш.
У ліпені 2026 года адбудзецца конкурс набойкі “Віцебскія ўзоры” у межах ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які прадэманструе шматлікую калекцыю традыцыйных строяў Віцебшчыны.