23 кастрычніка 2026 года ў 12:00 у Шаркаўшчынскім раённым Цэнтры культуры (г.п.Шаркаўшчына, вул.Энгельса, д.2) у рамках Тыдня бацькоўскай любові адбудзецца фінальны тур абласнога конкурсу дзіцячай творчасці ”Лепш за ўсіх“.
Мэты конкурсу – выяўленне творчага патэнцыялу і здольнасцей дзяцей Віцебскай вобласці; павышэння мастацкага ўзроўню дзіцячай творчасці; папулярызацыі лепшых узораў музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, дэкаратыўна-прыкладнога і іншых відаў і жанраў мастацтва; развіцця практычных навыкаў і творчых здольнасцей дзяцей; выхавання павагі да народнай культуры.
Конкурс праходзіць у два туры. У першым туры спаборнічалі 128 чалавек з 18 раёнаў Віцебскай вобласці (завочна), па выніках якога ў фінальным туры прымуць удзел 55 удзельнікаў розных узростаў: Аршанскага, Бешанковіцкага, Віцебскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Пастаўскага, Талачынскага, Ушацкага, Чашніцкага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў, г.Віцебска і г.Наваполацка.
У творчым марафоне бяруць удзел выключна індывідуальныя выканаўцы ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Вылучаны дзве ўзроставыя намінацыі: з 6 да 8 гадоў – 7 чалавек, з 9 да 12 гадоў – 48.
Юныя таленты спаборнічаюць ў шасці намінацыях: вакальная, харэаграфічная, інструментальная, тэатральная, арыгінальны жанр, а таксама ў выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
23 кастрычніка г.п.Шаркаўшчына стане сталіцай дзіцячай творчасці Віцебшчыны. Усіх гасцей гасцінна сустрэне народная група театралізаванай гульні ”Зазеркалье“ г.Наваполацка. У фае раённага Цэнтра культуры разгорнецца маштабная экспазіцыя работ фіналістаў намінацыі ”Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва“. На сцэне адбудзецца гала-канцэрт, дзе найлепшыя маленькія выканаўцы рэгіёну прадэманструюць свае вакальныя, танцавальныя і артыстычныя таленты. У танцавальнай зале будзе праведзена дзіцячая гульнявая танцавальна-забаўляльная праграма ”В эфире: Смех#Шарики!“.
У завяршэнні фінальнага мерапрыемства пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу ”Лепш за ўсіх“.
Пераможцы конкурсу атрымаюць заслужаныя ўзнагароды і прызнанне гледачоў.Уваход вольны!