Традыцыйная культура – гэта не толькі спадчына, якая сведчыць нам пра мінулае, але яшчэ і частка нашага сённяшняга жыцця, дзе традыцыі родных клічуць да сябе. 24 красавіка ў г.Гарадок адбыўся III адкрыты абласны фальклорны форум “Традыцый родных не губляем”.
Канцэрт лепшых фальклорных калектываў і салістаў “Ад Саракоў да Сёмухі” нагадаў пышнае відовішча, злучанае ў вянок гарманічнай паслядоўнасці веснавых свят. На сцэне з добрым тэмпераментам і дэнамічнасцю праявілі сябе дзіцячыя і дарослыя фальклорныя калектывы Віцебшчыны, прадэманстраваўшы высокую вакальную, інструментальную, харэаграфічную і пастановачную культуру.
Канферэнцыя для кіраўнікоў фальклорных калектываў, спецыялістаў па фальклору і нематэрыяльнай культурнай спадчыне “Механізмы натуральнага бытавання, фіксацыя, трансляцыя і захаванне элементаў НКС” была добрай нагодай, каб расказаць пра захаванне і развіццё традыцыйнай культуры на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, паразважаць пра месца фальклору ў жыцці і на сцэне.
Душа беларуса надзелена весялосцю, ён ад прыроды любіць павесяліцца і смачна паесці. Конкурс гастранамічных пляцовак з прэзентацыяй страў нацыянальнай кухні “У нас смачней” сабраў з усёй Віцебшчыны адметныя рэгіянальныя стравы: булачкі “Какуркі”, “Вантрабянку”, “Лапуны”, “Бубашкі”, “Бульбішнікі”, “Гобікі” “Заліванцы”, “Галёпы”, “Закіданікі”, “Цяцюху”, “Бабоўнікі”, “Квактуны”, “Таўчонікі”, “Налівашку”, “Квасоліху”, “Лянівікі”,“Верашчаку”, “Мачанку”, “Капуснікі”, “Хлеб з кменам”, торт “Маркоўны”, “Крапіву ў кляры”, “Амлет з крапівай і салам”, кісель з журавінамі, аўсяны кісель, “Наліснікі”, “Шанку”, дранікі з макрыцай, “Грачанікі”, “Калдуны”, “Шчаўе з крапівы”, “Рэпнік”, “Камы гарохавыя”.
Жыццёвы ўклад нашага народа заўсёды вызначаўся зменай часоў года, таму на конкурсе лепшых фотазон “Кола года” аформленыя візуальныя зоны народнага кола свят, апавядалі аб нашай унікальнай самабытнасці.
На выставе таксама былі прадстаўлены ўзоры і майстар-класы элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гарадоцкага раёна, якія адлюстроўваюць багацце і ўнікальнасць гэтага рэгёна.



