16 жніўня 2025 года Шаркаўшчына стала цэнтрам абласнога свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», якое было прысвечана Году добраўпарадкавання.

У маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 чалавек, у тым ліку 41 аматарскі калектыў з 15 раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама з Віцебска і Наваполацка. Удзельнікі рыхтавалі свае выступленні і работы ў чатырох намінацыях:

  • «Цуды ў яблычным садзе» – прадстаўленне аматарскіх калектываў у розных жанрах, такіх як вакал, харэаграфія, тэатр, музыка і вусная народная творчасць;
  • «Яблычны кірмаш» – выстава-дэманстрацыя страў і пачастункаў, прыгатаваных па унікальных рэцэптах рэгіёнаў;
  • «Інтэрактыўны яблычны квэст» – паказ гульнявых праграм ад аматарскіх аб’яднанняў прама на пляцоўцы свята;
  • «Яблычныя матывы» – выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для аздаблення музея імя І.П.Сікоры.

У рамках «Яблычнага фэсту» адбыліся разнастайныя падзеі: мітынг «И помнит мир спасенный», аўтапрабег «Дарогамі памяці і подзвігу», канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, а таксама выступленні творчых калектываў з Пскоўскага раёна і Архангельскага рэгіянальнага навучальнага пошукавага цэнтра (Расійская Федэрацыя) і іншыя.

Акрамя таго, былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі: «Літаратурная альтанка», «Дзівосны свет маляванкі» з удзелам музея імя Я.М.Драздовіча, раённых цэнтраў рамёстваў; перасоўная экспазіцыя «Наш абавязак памятаць» ад Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; выстава-прэзентацыя падворкаў сельскіх саветаў і арганізацый Шаркаўшчыны пад назвай «Яблычны перапалох»; выстава-прэзентацыя турыстычных інфармацыйных цэнтраў Віцебскага Паазер’я і многае іншае.