Традыцыйным стала правядзенне раз у два гады ў г.п.Лёзна абласнога свята-конкурсу самадзейных паэтаў і кампазітараў ”Песні сунічных бароў“. Свята-конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення і папулярызацыі таленавітых самадзейных паэтаў і кампазітараў Віцебшчыны, развіцця аматарскай паэтычнай і музычнай творчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі і прыцягнення яе да творчай дзейнасці, павышэння мастацкага ўзроўню твораў самадзейных кампазітараў і паэтаў.
21 чэрвеня 2025 года адбылося XV абласное свята-конкурс самадзейных паэтаў і кампазітараў ”Песні сунічных бароў – 2025“, прысвечанае 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Больш за 100 удзельнікаў з аматарскіх аб’яднанняў, клубаў, калектываў, а таксама самадзейных паэтаў і кампазітараў з 17 раёнаў Віцебскай вобласці прымалі ўдзел у спаборніцтвах у напісанні і чытанні паэтычных твораў, выкананні песень, музычных кампазіцый. Падчас конкурсу на пляцоўцы адбыліся прэзентацыі 12 калектываў музычна-паэтычнай і літаратурнай накіраванасці.



