26 лістапада 2022 года ў Гарадоцкім гарадскім Доме культуры прайшоў X абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны Заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Івану Арцёмавічу Серыкаву, у якім прынялі ўдзел вядучыя харэаграфічныя калектывы народна-сцэнічнага, эстраднага танца, а таксама харэаграфічныя калектывы з найменнем “народны”, “узорны” і званнем ”заслужаны“ Віцебскай вобласці.
Усе яны спаборнічалі ў наступных намінацыях:
-“На лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава”,
-“На лепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай накіраванасці“;
-“На лепшы народны танец, у якім павінна быць адлюстравана нацыянальная тэматыка, нацыянальныя матывы”,
-”На лепшы эстрадны танец, у якім павінна быць адлюстравана народная тэматыка, нацыянальныя матывы“.
Журы конкурсу на чале з Падаляком Мікалаем Мікалаевічам – харэографам, балетмайстарам, заснавальнікам ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі, Заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь прызначыла ГРАН-ПРЫ абласнога конкурса ”Прыдзвінскія карункі“ – Заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь узорнаму вакальна-харэаграфічнаму ансамблю імя Чэслава Клячко ”Камарыкі“ ААТ ”Палац культуры ”Нафтан“, кіраўнік Святлана Багаслаў.
Усяго ў аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел 38 харэаграфічных калектываў з агульнай колькасцю каля 700 чалавек.
Прайшоў майстар-клас кіраўніка харэаграфічнага ансамбля ”Карагод“ ДУА ”Гімназія №3 г.Віцебска імя А.С. Пушкіна“ В.А.Вішнеўскай для ўдзельнікаў і кіраўнікоў калектываў па творчай спадчыне І.А.Серыкава.
Пасля конкурснай праграмы адбыўся канцэрт ансамбля танца, музыкі і песні ”Талака“ Віцебскай абласной філармоніі.
Пастаянным месцам правядзення абласнога мерапрыемства 1 раз у 2 гады з’яўляецца г.Гарадок. У 2018 годзе агляд-конкурс адбыўся ў восьмы раз у Віцебску з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава.
Агляд-конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі, аднаўлення і захавання беларускага народнага танца, танцавальнай спадчыны Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава; павышэння ўзроўня выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў харэаграфічных калектываў і папаўнення іх рэпертуару.
Арганізатарамі агляду-конкурсу выступілі: упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *