
Таццяны Міснікавай і Вольгі Рэут

выкананая ў тэхніцы лапікавага шыцця“
21 чэрвеня 2022 года ў 15.00 у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ў межах арт-праекта ”Партрэт майстра“ адбудзецца адкрыццё выставы майстроў народных мастацкіх рамёстваў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Таццяны Міснікавай і Вольгі Рэут ”Вытокі традыцый“.
Таццяна Уладзіміраўна Міснікава – народны майстар Рэспублікі Беларусь, член Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Вытокі“. Уваходзіць у склад Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
Працуе ў філіяле ”Гарадоцкі Дом рамёставаў і фальклору“ кіраўніком гуртка вышыўкі. Аднавіла традыцыйную на Гарадоччыне вышыўку ”перавіць з насцілам“. Валодае ўсімі відамі вышыўкі (крыжыкам, гладдзю, лікавай гладдзю, мярэжкай, перавіццю з насцілам і інш.).
Вялікая работа была праведзена вышывальшчыцай па аднаўленні традыцыйных касцюмаў Гарадоччыны. Вышывае па льняной тканіне, як хатняга, так і фабрычнага вырабу, баваўнянымі ніткамі ”мулінэ“, дакладна і вельмі якасна аднаўляючы лепшыя мясцовыя ўзоры. Арнаменты вышывак кашуль, фартухоў і намітак былі ўзяты майстрам з гарадоцкіх ручнікоў, знойдзеных падчас экспедыцый па раёну і ў фондах Гарадоцкага краязнаўчага музея. Вышыўка майстра вылучаецца традыцыйнасцю і высокім прафесійным майстэрствам.
Вольга Леанідаўна Рэут – народны майстар Рэспублікі Беларусь, майстар саломапляцення, народнага касцюма і шыцця з абрэзкаў тканіны, уваходзіць у склад Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, член Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Вытокі“, кіраўнік гуртка саломапляцення філіяла ”Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору“.
Вольга Леанідаўна валодае ўсімі відамі і прыёмамі саломапляцення, выконвае аплікацыі саломкай, вырабляе саламяных павукоў, галаўныя ўборы, упрыгоджванні, сухарніцы, скарбонкі і шмат інш. Тэматыка работ самая разнастайная. Вельмі прывабліваюць выразныя фігуркі жывёл і птушак майстрыхі, зроблена вялікая калекцыя саламяных лялек. З цікавасцю Вольга Леанідаўна займаецца вывучэннем народных абрадаў і звычаяў беларусаў. Серыя работ майстра прысвечана менавіта народным святам: маскі казы, калядныя зоркі, скарбонкі. Калекцыя пасхальных яек з інкрустацыяй саломкай вызначаецца высокім мастацкім густам. Шмат часу майстрыха прысвячае і распрацоўцы вытанчаных аплікацый у традыцыйным беларускім стылі, у якіх выкарыстоўвае тэмы народных святаў і матывы ўзораў вышыўкі беларускіх ручнікоў. Таксама майстар добра валодае тэхнікай спіральнага пляцення з саломы.
Аднак асобнае месца ў творчасці Вольгі Леанідаўны займае аднаўленне традыцыйных беларускіх галаўных убораў, такіх, як: брылі, картузы, наміткі, вясельныя вянкі для маладой, кароны князёўны, нават саламяныя мітры – не раз атрымлівалі ўзнагароды на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і святах саломапляцення.
17 чэрвеня 2022 года ў 15.00 у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ў межах арт-праекта ”Захавальнікі народных раместваў“ адбудзецца адкрыццё выставы Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.
Майстры Цэнтра прапануюць жыхарам і гасцям горада пазнаёміцца на выставе народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з рознымі творамі народнай творчасці, выкананыя ў розных тэхніках: ткацтва паясоў; кераміка; выцінанка; вышыўка; вязанне; роспіс па тканіне (маляванка); роспіс па дрэве і кераміцы; шыццё з абрэзкаў тканіны; стварэнне народных лялек; разьба па дрэве.
Майстры з’яўляюцца ўдзельнікамі і лаўрэатамі шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Кожны з іх прадставіў на выставу свае лепшыя работы. Сярод іх – майстар народных промыслаў Іна Пятроўна Карандзей – кіраўнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Майстар“, з 2021 года яна стала носьбітам элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны ”Беларускае мастацтва выцінанкі“.
Кацярына Уладзіміраўна Зяленская – майстар народных промыслаў, з 2020 года – носьбіт элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны ”Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“.
Хочацца зрабіць акцэнт на незвычайных экспанатах – гэта дываны-маляванкі. Калекцыя выканана членамі народнага клуба аматараў шыцця з абрэзкаў тканіны ”Рошва“ па матывах вядомай мастачкі Алены Кіш. Кіруе клубам Ніна Іосіфаўна Ярмух – майстар з’яўляецца ініцыятарам вядомых праектаў клуба, дзякуючы якім шыццё з абрэзкаў тканіны набыло папулярнасць не толькі ў Полацку, але і далёка за яго межамі. Яшчэ адзін цікавы экспанат, які прадставілі майстры народнага клуба “Рошва” – унікальная ”Чырвоная кніга Беларусі“, выкананая ў тэхніцы лапікавага шыцця.
У гэты дзень пройдуць дэманстрацыйныя майстар-класы па выцінанцы і па вырабу глінянай свістулькі.
Народны ансамбль беларускай песні і музыкі ”Полацкія россыпы“ будзе ствараць настрой гасцям выставы. Кіруе ансамблем Нона Якаўлеўна Котава. Асноўны накірунак дзейнасці народнага ансамбля – папулярызацыя беларускай песні і музыкі.