Лепшым часам для вяселля раней лічылася восень. У чарговы раз на Віцебшчыне прайшло свята-конкурс вясельных абрадаў ”Вялікая вясельніца — 2021“ На жаль, не так па-сапраўднаму шумна і весела, на вёсцы, ці ў раённым цэнтры, як яно праводзілася раней, а ў сувязі з эпідэміалагічнымі абставінамі ў дыстанцыйным фармаце. Арганізатарамі свята-конкурсу з’яўляюцца: упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“. Конкурс уключае наступныя намінацыі: ”Вясельны каравай“, ”Без мяне мяне ажанілі“, ”Вясельны пояс“, ”Традыцыйная гульня ў сучасным вяселлі“ Сярод ацэначных крытэрыяў: адпаведнасць вясельных паясоў мясцовым традыцыям, якасць іх вырабу; якасны ўзровень паказу вясельных гульняў, іх адпаведнасць пэўнай мясцовасці; выкарыстанне мясцовых традыцый і фальклору ў выступленні свата ці свацці, наяўнасць касцюмаў свайго рэгіёна; арыгінальнасць прэзентацыі вясельных караваяў, іх адпаведнасць мясцовым традыцыям і інш.

У дыстанцыйным свяце-конкурсе прынялі ўдзел фальклорныя калектывы, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, майстры Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў Віцебскай вобласці. Амаль усе установы даслалі свае відэапрэзентацыі, відэаролікі, якія якасна, з каларытам пэўнай мясцовасці, перадалі нам вясельныя звычаі кожнага рэгіёна. Дзякуючы экспедыцыйнаму, назапашанаму матэрыялу, які ёсць у архівах кожнай установы вобласці,  ужо амаль няма пастановачна- вершаваных сцэн, кожны фальклорны калектыў мае запас дыялектных слоў мясцовай гаворкі.

У скарбонцы “Вялікай вясельніцы” Віцебшчыны вялізарны багаж вясельных спеваў, танцаў, абрадаў, звычаяў, традыцыйных гульняў і рэканструкцый вяселляў раёнаў. Дзякуючы намаганням ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і ўстановам культуры рэгіёнаў, адна з трыяд абрадаў жыццёвага цыкла вобласці працягвае амаль жывое існаванне ў наш час. Абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца” прайшло ўжо шосты раз, яно закружыла і захапіла кожную ўстанову культуры.

Вяселле яднае два чалавекі ў адну сям’ю, а наша “Вялікая вясельніца” збірае і яднае сваіх удзельнікаў, аматараў і прыхільнікаў народнай творчасці Віцебскай вобласці для далейшага жыцця нашай нацыянальнай адметнасці і непаўторнасці, для захавання часцінкі гістарычнай спадчыны нашай роднай Беларусі.

Начальнік аддзела традыцыйнай культуры ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”  Л.П.Рэзкіна

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *