Смутак і жаль…

Аўтар admin
0

Пайшла з жыцця Любоў Іванаўна Марынская – кіраўнік народнага фальклорнага калектыву ”Сенькавіца“ Сенькаўскага сельскага клуба-бібліятэкі Верхнядзвінскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, майстар аўтэнтычнага спеву, збіральнік мясцовага песеннага і танцавальнага фальклору, звычаяў і абрадаў, мастацкіх рамёстваў.

Дзякуючы яе намаганням ў Верхнядзвінскім раёне існуе адзіны аўтэнтычны фальклорны калектыў. Вялікую ўвагу Любоў Іванаўна надавала творчаму росту і даўгалеццю народнага фальклорнага гурта ”Сенькавіца“, кожнаму ўдзельніку давала магчымасць раскрыць свае творчыя здольнасці праз выкананне беларускай песні, побытавых танцаў. Кіраўнік умела выслухаць, падтрымаць, дапамагчы добрай парадай. У калектыве заўсёды панавала вельмі цёплая атмасфера.

Марынская Любоў Іванаўна здолела аб’яднаць у калектыве не толькі людзей сталага ўзросту, аматараў фальклору, але і далучыла моладзь вёскі Сенькава да вывучэння і захавання народных традыцый. Пад яе кіраўніцтвам быў створаны гурт-спадарожнік ”Сенькавіцы“ – ”Галасы вякоў“, які дасягнуў за гэты час значных поспехаў. Дзякуючы выдатным арганізатарскім здольнасцям Любові Іванаўны гэтыя калектывы – жаданыя госці на розных канцэртных пляцоўках, удзельнікі і лаўрэаты раённых, абласных і міжнародных конкурсаў і фестываляў.

Вялікае значэнне кіраўнік калектыву надавала экспедыцыйнай дзейнасці па збору і вывучэнні аутэнтычнага матэрыялу, народных традыцый сваёй мясцовасці. Экспедыцыйны песенны матэрыял, сабраны Любоўю Іванаўнай, выкарыстоўваюць калектывы раёна.

Не будзе хапаць Любові Іванаўны Марынскай не толькі раённай, але і народнай культуры вобласці.

Са спачуваннямі родным і блізкім

супрацоўнікі Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА