26 мая 2021 года ў 15.00 запрашаем аматараў народнай творчасці ў выставачныя залы Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці на адкрыццё двух выстаў у межах арт-праекта ”Партрэт майстра“.

Ніна Лявонаўна Федарыстава з г.Віцебска прадстаўляе больш за 40 мастацкіх палоцен, аб’яднаных тэмай ”Радзіма мая“, на якіх: прыродныя пейзажы, гарадскія віды старога Віцебска, нацюрморты, партрэты родных людзей і аўтапартрэты.

Шмат з гэтых твораў выстаўляюцца ўпершыню. Ёсць і новыя творы: ”Віцебшчына“, ”Партрэт бацькі“, ”Мая мама“. Ніна Лявонаўна жадае наведвальнікам шчасця і росквіту, як у карцінах ”Квітнеючы сад“, ”Свет майго акна“ і іншых нацюрмортах.

Ніна Лявонаўна мае прафесійную адукацыю, якую атрымала ў Ленінградскім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім. І. Е. Рэпіна, Акадэміі мастацтваў СССР ордэна Леніна (1988). Прафесію мастака роспісу па дрэве, інкрустатара вывучыла раней – у Бабруйскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы №15 (1978 г.). З 1986 па 2012 працавала ў Віцебскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці вядучым метадыстам па рамёствам, потым галоўным мастаком. Займалася пытаннямі па развіцці і папулярызацыі народных рамёстваў і самадзейнай творчасці, правядзеннем фестываляў, святаў, конкурсаў і выстаў работ майстроў і мастакоў вобласці. З 2001 па 2009 з’яўлялася старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. З 1986 па 2002 – удзельнік, потым кіраўнік народнага клуба самадзейных мастакоў “Контур”. Ніна Лявонаўна ўзнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры” (1998). З’яўляецца аўтарам шэрагу публікацый па народных рамёствах і аматарскай творчасці майстроў і мастакоў Віцебскай вобласці.

У межах арт-праекта ”Партрэт майстра“ прадстаўлена выстава творчай сям’і майстроў з Шаркаўшчыны Сяргея і Ганны Рымдзёнак – пастаянных удзельнікаў абласных і рэспубліканскіх выстаў і конкурсаў традыцыйнага мастацтва.

Сяргей Леанідавіч Рымдзёнак – член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, Народны майстар Рэспублікі Беларусь, удзельнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Талака“ пры раённым Цэнтры рамёстваў, загадчык Германавіцкага Дома ганчара філіяла ДУК ”Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр культуры“.

Больш за 20 год ён займаецца вырабамі з гліны, шмат працуе над удасканальваннем тэхналогіі ганчарнай справы, збірае і вывучае матэрыялы па гісторыі і традыцыям старадаўніх спосабаў апрацоўкі гліняных вырабаў. Найбольшую ўвагу надае вырабам утылітарна-бытавога прызначэння. Аднавіў мясцовыя формы этнаграфічнага посуду па зборы Германавіцкага музея культуры і побыту. Вобразы традыцыйных гліняных свістулек засвоіў з літаратуры. У працы скарыстоўвае мясцовую гліну, якая пасля абпалу дае

тэракоту рудаватага колеру. Для вырабу дэкаратыўнай керамікі скарыстоўвае палівы, асвоіў тэхніку малачэння і чорнадымлення.

Дзякуючы свайму таленту, майстар мае шмат прыхільнікаў сваёй творчасці. Яго “гліняныя шэдэўры” знаходзяцца ў асабістых калекцыях як суайчыннікаў, так і за межамі нашай краіны. Сваё майстэрства ён перадае дзецям на занятках гурткоў. Праводзіць вялікую колькасць экскурсій і майстар-класаў для наведвальнікаў Германавіцкага Дома ганчара.

Сяргей Леанідавіч – лаўрэат І ступені ў намінацыі ”Свістулька лепшага гучання“ свята-конкурсу майстроў традыцыйнай свістулькі ”Салавейка-2019“ у межах фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, лаурэат ІІІ ступені Х Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу ”Вясновы букет“.

Ганна Міхайлаўна Рымдзёнак – майстар народных мастацкіх рамёстваў Дома ганчара філіяла ДУК ”Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр культуры“.Ткацтву навучылася ў мясцовай майстрыхі Алены Бондар. Зараз не толькі сама з вялікім задавальненнем займаецца гэтым рамяством, але і навучае ткацтву дзяцей. Як вынік – наведвальніца гуртка ”Ручное ткацтва“ Ганна Высоцкая, прымаючы ўдзел у ХІІІ абласным аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва ”Ад прашчураў да зор“, атрымала Дыплом І ступені ў намінацыі ”Ткацтва пояса“. Сама Ганна Рымдзёнак валодае тэхнікай ручнога і станковага ткацтва. У працы выкарыстоўвае разнастайныя тэхнікі: двухнітовае, закладное, бранае, выбранае, пераборнае, падвойнае і ажурнае ткацтва. Вырабляе бясшоўныя посцілкі-палавікі і мясцовыя закладныя дываны – кілімы. Цудоўныя абрусы, паясы, ходнікі атрымліваюцца ў майстра сваёй справы Ганны Міхайлаўны. У дадзены момант працуе ў напрамку адраджэння стараверскіх ручнікоў. Прымае актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах. Пераможца абласнога свята-конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва ”Палатняныя пераплёты“, лаўрэат ІІ ступені ХІ Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”.

Выставы можна наведаць да 18 чэрвеня 2021 года

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА