Святкуем па-беларуску

Аўтар admin
0

У народзе кажуць, што на Стрэчанне зіма з вясной сустракаюцца. ”Дык чаму б не сустрэцца ў гэта свята і нам!“ — вырашылі ўдзельнікі фальклорных гурткоў Дунілавіцкага СДК і Гуцкага СКЦ і правялі сумесныя вячоркі.

Каб да культурна-этнаграфічнай акцыі ”Святкуем па-беларуску“ далучылася больш моладзі, пляцоўкай для імпрэзы па народных традыцыях выбралі аграгарадок Навасёлкі. Да сустрэчы ў мясцовым цэнтры культуры падрыхтаваліся як след: аформілі інтэр’ер танцавальнай залы тканымі дыванамі і ручнікамі, запрасілі мясцовых жыхароў. А паколькі другая назва свята — Грамніцы, загадчыца цэнтра Наталія Сцегніенка паклапацілася, каб на бачным месцы стаяў стол, накрыты прыгожым абрусам, а на ім — сімвал свята — свечка ў шклянцы з зернем.

— Стрэчанне называецца яшчэ і Грамніцамі, бо ў старажытнасці гэта свята адзначалася ў гонар Грамавіка (Грамоўніка-Перуна) — уладара грома і маланкі. Ад іх і засцерагаюць асвечаныя грамнічныя свечкі, — рабіла экскурс у гісторыю, пакуль ішлі прыгатаванні да мерапрыемства, метадыст Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Людміла Чатовіч. — Раней яны былі самаробнымі і абавязкова вялікімі. Грамнічныя свечкі лічыліся ахоўнымі і запальваліся пры правядзенні адпаведных абрадаў. Напрыклад, з іх дапамогай гаспадар ”асвячаў“ хату і ўсю гаспадарку, выпальваючы невялікія крыжы на дзвярах і агароджы. З імі абыходзілі свойскую жывёлу на Юр’еў дзень. Выкарыстоўваліся грамнічныя свечкі і пры іншых абставінах.

Па надвор’і, якое было на свята, нашы продкі меркавалі пра будучы ўраджай, прыкмячалі і іншыя акалічнасці. Пра гэта яскрава сведчаць народныя прыкметы. А вось ці ведае моладзь, як яны дакладна гучаць, у пачатку мерапрыемства праверыла вядучая сустрэчы — загадчыца Дунілавіцкага сельскага Дома культуры Іна Русецкая:

— Прыйшлі Грамніцы — скідай…
— Рукавіцы! — працягваюць у зале.
— Як на Грамніцы адліга, то з ураджаю будзе…
— Фіга! — не перастаюць здзіўляць веданнем народнай мудрасці ўдзельнікі вячорак.
— Неверагодна, але часам прыкметы бываюць супярэчлівымі, — працягвае выпрабоўваць прысутных вядучая. — Калі певень на Грамніцы нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол пад’есць…
— Травіцы! — не здаецца моладзь.

Тых, хто даваў правільныя адказы, дунілавіцкія самадзейныя артысты частавалі пернікамі ўласнага прыгатавання — святочнымі прысмакамі нашых продкаў.

Не дзіўна, што пасля такой размінкі ўсе ўвайшлі ў азарт, таму самы час пазабавіцца! З зайздросным імпэтам, а галоўнае — з веданнем традыцый дзяўчаты і хлопцы ўключаюцца ў гульні ”Яшчар“, ”Суседка“, ”Галубка“, ”Ручаёк“, ”Кісель“, карагод ”Падушачка“. Умовы гульняў розныя, але іх прызначэнне простае і зразумелае — ”пазнаёміць“ юнака або дзяўчыну з тым, хто ім падабаецца.

У жартоўнай форме ”правілы заляцанняў“ удзельнікам вячорак нагадвала Бабуля, ролю якой выдатна сыграла Людміла Чатовіч. Ды так дасціпна рабіла заўвагі, што амаль ніхто не стрымліваўся ад смеху. Здымаючы ўвесь час дзею на відэа, шэптам карэкціравала рухі сваіх удзельнікаў рэжысёр Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра Ганна Вырвіч.

Асобны статус на вячорках меў Ілья Латушкін. Ён выконваў ролю Яшчара — галоўнага героя народнай гульні, прызнанай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Пастаўшчыны. Увесь вечар да ўсемагутнай міфічнай істоты патрабаванні былі завышаныя. Юнака то прасілі даць заданні маладзіцам, то прадказаць лёс хлопцу ці дзяўчыне. Пры выкананні апошняга задання Яшчар здзівіў усіх — ”вангаваў“, калі гаварыць сучасным слэнгам, толькі пры дапамозе беларускіх прымавак і прыказак. А яшчэ яго жартоўна спавядала Бабуля: за спінай хлопца імітавала дзеянні, якія той выконвае ў жыцці. А ён з накінутай на галаву хусткай (каб нічога не бачыў) павінен быў адгадаць, напрыклад, колькі разоў на дзень, тыдзень ці месяц есць, ходзіць на лыжах, вучыць урокі і інш.

Каб атрымаць фант — хустку, — дзяўчаты спявалі прыпеўкі. На працягу вечара кружыліся ў парах з хлопцамі, танцуючы кракавяк, падэспань і фігурную польку.

Усе гэтыя гульні і танцы запісаны ад мясцовых носьбітаў народнай культуры падчас этнаграфічна-культурных экспедыцый. На мерапрыемстве яны суправаджаліся аўтэнтычнай музыкай у выкананні ансамбля народных інструментаў Дунілавіцкага СДК і Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля ”Паазер’е“ Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза ў запісе. На прыканцы вячорак прагучала пажаданне: ”Танцуйце! Спявайце! І народных традыцый не забывайце!“
Працягам свята стала сумеснае чаяванне.

Карэспандэнт раённай газеты ”Пастаўскі край“ Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Матэрыял прадстаўлены Цэнтрам традыцыйнай культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна

БОЛЬШ ФОТА

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА