18 лютага 2021 года на 73-ім годзе жыцця памёр былы дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Лабацкі Іван Фёдаравіч.

Іван Фёдаравіч Лабацкі (09.03.1948 г.н.) адпрацаваў у сферы культуры звыш 35 гадоў, з іх на пасадзе дырэктара абласнога метадычнага цэнтра – 21 год.

Гэты адрэзак часу супаў з новай хваляй адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Перабудова ў эканамічным, палітычным, грамадскім жыцці краіны патрабавала пераглядзець і змест работы ўстаноў культуры, унесці змены ў культурнае жыццё рэгіёнаў. З гэтай нагоды ідзе пераарыентацыя метадычнага ўплыву на клубныя ўстановы, дзейнасць якіх накіроўваецца на зберажэнне і адраджэнне традыцыйнай культуры, развіццё ўсіх відаў народнай творчасці і актыўных форм культурнай дзейнасці і арганізацыі вольнага часу. І самае дынамічнае развіццё і падтрымку работнікаў культуры атрымалі народныя рамёствы і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Вяртанне народнай традыцыйнай культуры ў сучаснае жыццё пачалося напрыканцы 1990-х гг. Ідэя арганізацыі ў рэгіёнах клубаў народных майстроў, вывядзенне іх на больш якасны ўзровень і стварэнне на іх базе Дамоў рамёстваў была ўпершыню распрацавана і рэалізавана вядучымі спецыялістамі абласнога метадычнага цэнтра. У межах Усесаюзнага фестывалю польскай песні ў 1988 годзе ў г.Віцебску ўпершыню прайшоў “Горад майстроў”, а потым атрымаў пастаянную прапіску ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Зараз “Горад майстроў” праходзіць штогод у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базару Віцебску”. У межах кірмашу праходзяць як абласныя конкурсы майстроў па пэўнаму віду традыцыйнага беларускага рамяства, так і міжнародныя конкурсы па традыцыйных рамёствах, у якіх прымаюць удзел майстры не толькі з Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Украіны, краін Прыбалтыкі і інш.

Іван Фёдаравіч падтрымаў ідэю зберажэння і захавання танцавальнай спадчыны І.А.Серыкава, і ў вобласці стаў праводзіцца абласны агляд-конкурс беларускага народнага танца “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны Заслужанаму дзеячу культуры Беларусі І.А.Серыкаву.

Ідэя ўключэння рэгіёна ў праектную дзейнасць таксама належыць Віцебскаму АНМЦ. Для работнікаў культуры вобласці гэта была ўнікальная магчымасць атрымаць вопыт арганізацыі маштабных мерапрыемстваў, паспрабаваць сябе ў навуковых даследаваннях, а таксама навучыцца працаваць у камандзе.

Супрацоўнікамі Віцебскага АНМЦ сумесна са спецыялістамі Беларускага інстытута праблем культуры даследаваны асобныя рэгіёны вобласці – Браслаўскі, Шумілінскі, Гарадоцкі. Матэрыялы даследавання ўвайшлі ў 6-томнае выданне анталогіі “Сучасная народная культура Беларусі” ў выглядзе асобнага тома “Віцебскае Паазер’е”. Вялася сур’ёзная праца па вывучэнню і прапагандзе спадчыны славутых землякоў: мастака, пісьменніка, навукоўца Я.Н.Драздовіча, заснавальніка беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра І.Ц.Буйніцкага, садавода-селекцыянера І.П.Сікоры, этнографа і фалькларыста М.Я.Нікіфароўскага.

У 1997 годзе з’яўляюцца першыя рэгіянальныя брэнды – Міжнародны фестываль песні і музыкі ”Дняпроўскія галасы ў Дуброўне‟, Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах. Святы музыкі, песні, танца і… сяброўскіх абдымкаў. Такая душэўная атмасфера для аматарскіх калектываў існуе і сёння на гэтых музычных форумах.

З 1999 г. Іван Фёдаравіч быў старшынёй Савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў рэспублікі, членам Міжнароднай асацыяцыі работнікаў культуры і мастацтва. Неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, адзначаўся граматамі аблвыканкама і ўпраўлення культуры, Ганаровымі знакамі Міністэрства культуры СССР і Рэспублікі Беларусь. Калектыў АНМЦ пад яго кіраўніцтвам стаў пераможцам Рэспубліканскага агляду-конкурсу абласных навукова-метадычных цэнтраў у намінацыі: “За прапаганду і развіццё нацыянальнай культуры, традыцыйных відаў мастацтва і рамёстваў, звычаяў і абрадаў” у 2009 годзе і быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ”За плённае развіцце святочна-фестывальных традыцый у рэгіёне“ ў 2010.

Іван Фёдаравіч заўсёды прытрымліваўся цвёрдай пазіцыі ў пытаннях узаемадзеяння цэнтра і рэгіёнаў, рэалізацыі культурных ініцыятыў і праектаў, аўтарытэтна забяспечваў сацыяльную абарону работнікаў дзяржаўных устаноў культуры і творчых работнікаў асабістымі кантактамі і сувязямі.

Работнікі культуры вобласці і супрацоўнікі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці памятаюць Івана Фёдаравіча як таленавітага кіраўніка і чалавека, які аб’ядноўваў калектыў, умеў ладзіць дзелавыя адносіны з калегамі.

ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“ выражае смутак і жаль родным і блізкім Івана Фёдаравіча Лабацкага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *