Учора, 14 кастрычніка, у Мінску адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, па выніках якой быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці двум элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці – “Абраду “Розгары” ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці” і “Традыцыйным вобразам і тэхналогіі вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння”.
Загадчык Сенненскага Дома рамёстваў Вольга Квашко, майстар па кераміцы Уладзімір Квашко, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы “Чашніцкі раённы метадычны цэнтр культуры і народнай творчасці” Таццяна Лузгіна і загадчык аддзелам традыцыйнай культуры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч з гонарам прадставілі элементы Віцебшчыны.
Абрад “Розгары” аграгарадка Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці вядомы з 18 стагоддзя і прадстаўляе паўночна-ўсходні тып беларускага Русальнага тыдня, характэрны для даволі абмежаванай тэрыторыі (Чашніцкі, усход Сенненскага, Лёзненскі, Дубровенскі раёны Віцебскай вобласці). Абрад праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы ў панядзелак. Пасля заходу сонца маладыя дзяўчаты і жанчыны ў вясковым паўсядзённым адзенні збіраюцца на ўскрайку вёскі. Ідучы да бліжэйшага жытнёвага поля, яны збіраюць кветкі, зёлкі, галінкі дрэў. Прыйшоўшы на ўзмежак поля, адна з жанчын зажынае сноп з жытнёвых каласкоў. Астатнія жанчыны і дзяўчаты пачынаюць спяваць і завіваць вянок з сабраных кветак, абавязкова ўплятаючы жытнёвыя каласкі, нажатыя з поля. Вянок плялі такім памерам, каб праз яго мог прайсці чалавек. Пасля таго, калі вянок сплялі – усе завівальшчыцы з песняй ідуць ў вёску. Падышоўшы да першай хаты, удзельнікі абраду пачынаюць песняй клікаць з хаты гаспадароў. Калі гаспадары выходзяць, удзельнікі абраду запрашаюць іх магічна забяспечыць здароўе, багацце, дабрабыт – прайсці праз вянок 3 разы. Потым запрашаюць іх з сабой на свята. Сустракаючы па дарозе моладзь, ім прапануюць паваражыць на каханне, лёс. Такім чынам, удзельнікі праходзяць усю вёску. Да гэтага часу на двары ўжо цямнее. Нягледзячы на гэта, усе ўдзельнікі ідуць на могілкі, каб павесіць вянок на самае вялікае і высокае дрэва. Тым самым адкупіўшыся ад гневу русалак. Як толькі вянок быў павешаны на дрэва, з могілак пачынала выскокваць “русалка”, тым самым праганяючы людзей. Пасля ўсе ўдзельнікі ідуць у вёску, каб прадоўжыць свята за агульнай вячэрай.
Абрад “Розгары” – сапраўдная каштоўнасць, бо ён звязаны з памяццю і павагай да сваіх продкаў, ад якіх перададзены наступнаму пакаленню для падтрымкі сваёй ідэнтычнасці, пачуцця самабытнасці.
Традыцыйная гліняная народная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння з’яўляецца старажытным відам народнай культуры, які звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі крывічаў, засяляўшых вярхоўе рэк Днепр і Заходняя Дзвіна. Традыцыйная гліняная цацка захоўвае старажытную сімволіку, архаічныя пластычныя формы і спосабы вырабу, якія выпрацаваны агульным рамесным вопытам многіх пакаленняў.
Цацкі і свістулькі захоўваюць мастацкія прынцыпы і тэхнікі лепкі. Свістулькі робяцца трыма метадамі: “на палец”, “на палачку” і спосабам “пельмень”. Носьбітамі элемента з’яўляюцца 8 майстроў Віцебскай вобласці: Алеся Аўчыннікава з г.п. Бешанковічы, Вольга Аляксеева і Людміла Чэрвінская з Дубровенскага раёна, Ірына Варона з г.п. Бабінавічы Лёзненскага раёна, Кацярына Зяленская з Полацка, Уладзімір Квашко з Сянно, Алеся Сарбаш з Віцебскага раёна і Таццяна Шынкарова з Оршы.
Гліняная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння, як і іншыя цацкі Беларусі, у параўнанні з цацкамі суседніх народаў (рускага, украінскага) вылучаецца сваёй архаікай, дамінаваннем пластычнага пачатку над дэкаратыўна-жывапісным. Выразная пластыка і лаканічны сілуэт падкрэслівае сціслую сувязь глінянай цацкі з ганчарствам, надае ёй манументальнасць.
Гліняныя цацкі і свістулькі Віцебшчыны здзіўляюць і сваёй вобразнасцю – конікі, птушкі, кавалер і паня, гарманіст і вершнік, камедыянт і хлопец, качка, парася і баранчык, паўлін і іншыя.
На сённяшні дзень у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 17 элементаў Віцебшчыны.

Надзея Уліновіч,
загадчык аддзелам традыцыйнай культуры
Віцебскага АМЦНТ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *