“Чароўны свет маляванкі”

Аўтар admin
0

Пад такой назвай 17 ліпеня бягучага года ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылося ўрачыстае адкрыццё пернасальнай выставы народнага майстра Беларусі Святланы Скавырка з Глыбокага. Дадзеная выстава адбываецца ў межах арт-праекта “Партрэт майстра”, падчас рэалізацыі якога з пачатку года прайшоў шэраг персанальных выстаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў Віцебшчыны.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за пяцьдзясят работ у тэхніцы “маляванка” як па матывах твораў вядомага беларускага мастака, этнографа, пісьменніка Язэпа Драздовіча, так і аўтарскія.
Святлана Скавырка працуе ў Глыбоцкім Доме рамёстваў з 2005 года. Менавіта ў гэтым годзе і адбылася яе персанальная выстава. За перыяд работы зарэкамендавала сябе як творчы, таленавіты майстар. Займаецца навуковым даследваннем па вывучэнні асаблівасцей роспісу па палатне на Глыбоччыне. Святлана Анатольеўна неаднаразова прымала ўдзел у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. У 2009 годзе ў Палацы Рэспублікі прадстаўляла маляваныя дываны ў справаздачнай выставе народных майстроў Віцебшчыны. У 2014 годзе атрымала Гран-пры Міжнароднага свята-конкурсу майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу “Фарбы нябёсаў”, што праходзіў у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У бягучым годзе ўвайшла ў склад журы дадзенага конкурсу. Мае шэраг узнагарод. Так, напрыклад, у 2015 годзе ёйбыла прысуджана прэмія Віцебскага аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Сваімі напрацоўкамі і вопытам Святлана Скавырка дзеліцца з калегамі і ўсімі зацікаўленымі падчас правядзення сустрэч, майстар-класаў, курсаў.
Падчас адкрыцця выставы была прадстаўлена калекцыя дзіцячага адзення на аснове жывапісных работ Язэпа Драздовіча. Аўтарам калекцыі выступіла мастак-аматар народнага клуба “Контур” Культурна-гістарычнага комлекса “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна” Юлія Гамбалеўская. Не абышлося і без майстар-класа па маляванке, які для ўсіх прысутных правяла Святлана Скавырка.
На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Алег Агееў і галоўны спецыяліст Дзяніс Юрчак, якія адзначылі дасягненні Святланы Анатольеўны, пажадалі плённай працы і творчых далейшых поспехаў, а таксама ўзнагародзілі аўтара персанальнай выставы Ганаровай граматай упраўлення культуры.
Дакрануцца да творчасці Святланы Скавырка і наведаць выставу можна да 10 жніўня.

Андрэй Струнчанка

Больш фота

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА