Партрэт майстра Алесі Аўчыннікавай

Аўтар admin
0

У межах арт-праекта ”Партрэт майстра“ 12 чэрвеня 2020 года ў 15.00 гадзін у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (вул.Леніна, 35-а) адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы загадчыка філіяла ”Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў“ ДУК ”Бешанковіцкі раённы Цэнтр культуры“, майстра па кераміцы і роспісу па шкле Алесі Аўчыннікавай пад назвай ”Майстар на ўсе рукі“. Падчас адкрыцця выставы пройдзе майстар-клас па вырабу глінянай свістулькі.

На выставе прадстаўлены вырабы з керамікі: свістулькі, падсвечнікі, тэматычныя кампазіцыі і іншыя, а таксама творы ў тэхніцы ”роспіс па шкле“.

Алеся Іванаўна з’яўляецца ўдзельніцай і лаўрэатам шматлікіх конкурсаў, выстаў, кірмашоў, сярод якіх: Міжнародны фестываль мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску”, Міжнародная выстава-кірмаш ”Ягелонскі кірмаш“ у Любліне, абласны пленэр ганчароў ”Гліна спявае“, абласныя святы-конкурсы традыцыйнай свістулькі ”Салавейка“ у межах Міжнароднага фестывалю песні і музыкі ”Дняпроўскія галасы ў Дуброўне“ і іншыя. Работы майстра знаходзяцца ў фондах Бешанковіцкага краязнаўчага музея і прыватных калекцыях.

З 2008 года пасля курсаў па маляваным дыванам, якія праходзілі ў Віцебскім АМЦНТ, Алеся пачала займацца роспісам па шкле і маляванымі дыванамі. За гэты час было створана больш за 70 работ па мастацкім роспісе.

За творчыя дасягненні ў 2019 годзе Алеся Іванаўна Аўчыннікава атрымала ганаровае званне ”Чалавек года Віцебшчыны“.

Выстава будзе працаваць да 10 ліпеня 2020 года.

У сувязі з эпідэміялагічным становішчам для наведвання выставы групы будуць запрашацца колькасцю да 5 чалавек.

Майстар-клас Алесі Аўчыннікавай па вырабу глінянай свістулькі будзе дэманстравацца на сайце АМЦНТ: omcnt.by і ў групе сацыяльнай сеткі ”Вконтакте“.

Даведкі па тэл.: 26-29-58 – Ганна Вадзімаўна Перліна, галоўны мастак АМЦНТ.

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА