Дакрануўшысь у падлеткавым узросце да аматарскай творчасці –
ён раз і назаўжды звязаў сваё жыццё з тэатрам…

[ngg src=»galleries» ids=»24″ display=»basic_slideshow»]

30 красавіка 2020 года не стала таленавітага рэжысёра, кіраўніка народнага тэатра ”У пошуку…“ Лёзненскага раённага цэнтра культуры Генадзя Васільевіча Цыганкова.

Генадзь Васільевіч пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры ў 1984 годзе працаваў у г.Мінску, а з 1998 года кіраваў народным тэатрам у Лёзна, дзе працягваў тэатральныя традыцыі, якія былі заснаваны ў 60-80-ыя гады мінулага стагоддзя яго творчымі настаўнікамі Галінай Сухаруцкай і Рыгорам Траяноўскім.

На працягу трыццаці гадоў Генадзь Васільевіч душой і сэрцам стаў паяднаны з гэтым тэатральным калектывам, якому аддаў самы значны адрэзак свайго жыцця. А адданасць тэатру – відавочная. Сваё творчае натхненне рэжысёр аддаваў дзеля развіцця і мастацкага самавыяўлення акцёраў аматарскага тэатра. Перад рэпетыцыямі ён цікавіўся праблемамі і патрэбамі ўдзельнікаў, жыў іх болем і радасцямі. Таму людзі і цягнуліся да яго.

За час творчай працы Г.В.Цыганковым створана больш за 30 спектакляў па айчыннай, рускай, замежнай драматургіі. Сярод іх: ”Рэтра“ па А.Галіну, ”Дарагая Алена Сяргееўна“ Л.Разумоўскай, ”Забыцца на Герастрата“ Г.Горына, ”Гэта дзіўная місіс Сэвідж“ Дж.Патрыка, ”Баба Шанэль“ М.Каляды, ”Станцыя, ці расклад пажаданняў на заўтра“ А.Віттэра, ”Палата бізнескласа“ А.Кароўкіна і іншыя.

Калектыў не аднойчы з’яўляўся пераможцам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных тэатральных фестываляў і конкурсаў: ”Тэатральныя далягляды вёскі“, ”Тэатральная вясна“, ”Смяяцца не грэх“, ”Лялечны свет“, ”На сямі вятрах“ у межах

Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, фестываль тэатральнай і цыркавой творчасці імя Ю.Нікуліна у Расіі і іншыя.

Творчая палітра рэжысёра Г.В.Цыганкова будзе няпоўнай, калі мы не скажам, што шмат часу Генадзь Васільевіч аддаваў масавым тэатралізаваным прадстаўленням і святам, якія ладзяцца ў Лёзна – Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, свята горада і шмат іншых. Ён быў ідэйным натхняльнікам правядзення тэатралізавана-гістарычнай дзеі ”На балі ў Рыпінскага“, прысвечанай беларускаму этнографу, паэту і земляку А.Ф.Рыпінскаму ў мястэчку Страганы Лёзненскага раёна.

Мы спадзяёмся, што і надалей будзе прадаўжацца тэатральна-святочная творчасць Генадзя Васільевіча Цыганкова. Светлая памяць аб гэтым цудоўным чалавеку назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах.

ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“
выказвае спачуванні родным, блізкім і калегам Г.В. Цыганкова.