“Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення – у Дзяржаўным спісе нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”

Аўтар admin
0

Учора, 15 студзеня, у Мінску адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, па выніках якой быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека “Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і горада Віцебска”. У Радзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Віцебшчыны – кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла Вакар, загадчык аддзелам традыцыйнай культуры Надзея Уліновіч, загадчык Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча і народны майстар Беларусі Васіль Сіманковіч. 

Спіральнае пляценне – адзін з найбольш старажытных відаў пляцення. Гэта тэхніка вядома амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліта. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя рамяство было шырока прадстаўлена ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры выраблялі прадметы хатняга ўжытку: посуд для захавання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, заслоны на вокны, паясы для ацяплення дзвярэй. У якасці асноўных носьбітаў у 1980-90-я гады былі Адам Мікалаевіч Краўчук з Віцебска, Пётр Карэнік і Міхаіл Чэркас з Браслава. Апроч таго, сучасныя майстры займаюцца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення.Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваім характары амаль не зазнала, але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярны ў турыстаў і гасцей з замежжа.

Традыцыя спіральнага пляцення на Віцебшчыне адраджаецца амаль у нязменным выглядзе. Спіральнае пляценне ў рэгіёне прадстаўлена ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах і горадзе Віцебску. Супольнасць прадстаўлена 10 майстрамі спіральнага пляцення, акрамя таго гурткі па спіральнаму пляценню для дзяцей і дарослых працуюць у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры, Культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”.

Дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны яскрава характэрызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага раёнаў і горада Віцебска. Ён каштоўны для жыхароў сваім зместам, характарам, адпавядае іх бытавым уяўленням.

         Дарэчы, элемент абласнога цэнтра ўнесены ў спіс упершыню. Да гэтага часу ўсе элементы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны існавалі і практыкаваліся ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Докшыцкім, Лепельскім, Міёрскім, Полацкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах. На сённяшні дзень у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 13 элементаў Віцебшчыны.

Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА