Пад такой назвай 24 лістапада бягучага года ў Полацкім раённым Цэнтры культуры ў межах Года малой радзімы адбудзецца раённы этнафэст.

Мерапрыемства абяцае быць цікавым і незабыўным. Так, падчас яго правядзення плануецца заключная дзея рэалізацыі праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і” з выставай-дэгустацыяй традыцыйных страў Полаччыны і ўганараваннем прадстаўнікоў васьмі сямей – удзельнікаў праекта. Пройдзе і адкрыты турнір народных побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму” з удзелам танцавальных пар сельскіх устаноў культуры. Сваіх прыхільнікаў збярэ і арт-пляцоўка “Полацкая Гранд-батлейка”.

У фэсце з майстар-класам “Па сцяжынках спадчыны” прыме ўдзел і народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” Багатырскага сельскага дома культуры з дэманстрацыяй спеўнай традыцыі выканання жніўных і купальскіх песень “у перахлёст” (дарэчы, у бягучым годзе дадзены элемент унесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь).

На свяце збяруцца не толькі фальклорныя калектывы Полаччыны, але і госці з Віцебскага раёна і горада Наваполацк, што стануць удзельнікамі фольк-вандроўкі “Свет нашых продкаў”.

Арганізатары мерапрыемства запрашаюць усіх аматараў беларускай традыцыйнай культуры наведаць этнафэст, які распачнецца а 12 гадзіне.

Андрэй Струнчанка

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА