“Вялікая вясельніца”

Аўтар admin
0

У мінулую суботу (26 кастрычніка бягучага года) у Расонах адбылося абласное свята-конкурс “Вялікая вясельніца”, што сабрала каля 300 аматараў вясельных традыцый амаль з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны.

Упершыню дадзенае свята прайшло ў 2010 годзе ў Дуброўна як агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў. З таго часу раз у два гады аматары фальклору збіраюцца ў розных кутках вобласці, каб захаваць аўтэнтычныя вясельныя спевы і абрады Віцебшчыны.

На гэты раз свята пачалося з конкурсу-прэзентацыі абрадавых страў вясельнага стала з 16 рэгіёнаў, што разгарнулася ў файе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут можна было пабачыць вясельны “рагаты” каравай з Дубровеншчыны, рыбны вясельны стол з Расоншчыны, стараверскі – з Шаркаўшчыны. Глыбоцкі раён прадставіў стравы, што былі на сталах ад сватання да вясельнага застолля… Лепшым ў гэтым конкурсе стала народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Расіца” Бігосаўскага СДК Верхнядзвінскага раёна.

Працягнулася мерапрыемства праглядам творчых праграм у намінацыі “Вясельныя спевы Віцебшчыны”, дзе змагаліся амаль 20 фальклорных калектываў з раёнаў вобласці, якія прадставілі мясцовыя і адметныя вясельныя песні сваіх рэгіёнаў. Таксама былі і госці – ансамбль “Рассыпуха” з горада Себеж (Расія) і мастацкі калектыў “Упите” Вілякскай краявой думы з Латвіі. Перамогу ў дадзеным конкурсе спеваў – званне лаўрэата І ступені падзялілі паміж сабой народнае фальклорнае згуртаванне “Азерыца” Езярышчанскага ГпДК Гарадоцкага раёна і народны фальклорны калектыў “Медуніца” Адаменскага СДК Лёзненскага раёна.

Таксама ў межах святочнага дзеяння ўпершыню адбыўся конкурс-імправізацыя на лепшую сваццю “Без мяне мяне ажанілі”. Тут свацця павінна была ярка, неардынарна, але на аснове мясцовых традыцый прадставіць жаніхоў і нявест. Тут перамога засталася за народным фальклорным калектывам “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору Шаркаўшчынскага раёна.

Андрэй Струнчанка,

намеснік дырэктара

Віцебскага АМЦНТ

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА