“Вянок нявесты” і ўсё для вяселля

Аўтар admin
0

Дзявочы вечар – так называўся дзявочнік, ноч перад вяселлем. Незамужнія дзяўчаты збіраліся ў нявесты, спявалі песні, плялі вянок, елі пачастункі. Гэта былі провады дзяўчыны ў новае жыццё, пасля вяселля яна развітвалася з дзявоцтвам і яго сімвалам – вянком. Таму вянок, які плялі дзяўчыны падчас “дзявочага вечара”, меў глыбокі сэнс. Ад яго залежаў лёс маладой, таму яго стараліся рабіць прыгожым, роўным, круглым, як першасны сімвал адзінства і бясконцасці.

Днямі такімі словамі ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася абласная выстава традыцыйных вясельных галаўных убораў, вянкоў і атрыбутаў “Вянок нявесты”. Падчас адкрыцця выставы кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Глейна” Таццяна Раева і майстры Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору прадставілі  абрад “Зборы нявесты”.

 На выставе можна ўбачыць традыцыйныя вясельныя галаўныя ўборы жыхароў Падзвіння, Падняпроўя, Паазер’я ўсіх канфесій (праваслаўнай, каталіцкай, стараверскай, іўдзейскай) розных часоў. Сярод экспанатаў – артэфакты канца XIX–пачатку XX стагоддзяў, а таксама рэканструяваныя рытуальныя прадметы, выкананыя майстрамі Віцебшчыны.

У калекцыях прадстаўлены: вянкі нявест, каруны (насіліся першы год пасля вяселля), павязкі і вянкі дружак нявест, картузы жаніха і шафераў, хустачкі (насіліся на плячах жаніхом і дружкамі, шаферамі), букеты (насіліся на грудзі дружкамі, шаферамі), фатаздымкі ў рамках, а таксама артэфакты пасагу нявесты, атрыбуты вясельнага абраду і лялечныя кампазіцыі вясельнага сюжэту і шмат іншага. Вясельныя фотаздымкі розных гадоў XX стагоддзя з сямейных альбомаў далі штуршок творчым намаганням майстрых у рэканструяванні вясельных убораў.

Майстар-клас па вырабу кветак для вясельнага вянка правяла Юлія Арэхава, майстар Глыбоцкага Дома рамёстваў.

Выстава працягнецца да 20 лістапада.

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА